І зноў — трыумф кіраўчан!..

Мы ўжо настолькі звыкліся, што кіраўскія веласіпедысты амаль пастаянна выйграюць на самых розных спаборніцтвах, то калі б так у бліжэйшы час не адбылося — было б дзіўна. І ўсё ж, так прыемна зноў і зноў называць нашых земякоў у ліку лепшых. І, здаецца, мацнейшай велашколы ў вобласці па падрыхтоўцы юніёраў, чым Кіраўская, на сённяшні дзень няма. Вось яшчэ адзін доказ гэтаму.
На “Мінск-арэне” прайшло адкрытае першынство Магілёўскай вобласці па велатрэку ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі з удзелам спарт-сменаў 1992-93 гадоў нараджэння. Паралельна веласіпедысты 1994 года нараджэння і маладзей спрачаліся ў рамках спартакіяды сярод дзіцяча-юнацкіх спортшкол.
Спачатку выступалі малодшыя. Кіраўчане паказалі сябе вельмі дастойна. А калі ўлічыць, што асобныя з іх былі маладзей за сапернікаў, то праглядаецца яшчэ і патэнцыял на будучае. У гіце на 200 метраў Лізавета Багданава была трэцяй, а следам фінішавалі запар яшчэ тры яе сяброўкі па камандзе: Крысціна Кобазава, Марыя Кучынская і Юлія Бяляўская. Крыху не хапіла да п’едэсталу гонару Раману Цішкову, Анатолю Масюковічу і Сяргею Котаву.
У індывідуальнай гонцы праследавання ўслед за чэмпіёнкай з Магілёва першыя свае ўзнагароды заваявалі стаўшыя адпаведна другой і трэцяй Юлія Бяляўская і Крысціна Кобазава. Марыя Кучынская фінішавала з чацвёртым рэзультатам. Раман Цішкоў, Анатоль Масюковіч і Яўген Марцючэнка ўвайшлі ў дзесятку лепшых.
У гіце на 500 метраў “серабро” дасталося Лізавеце Багданавай. І зноў у кроку ад тройкі лідэраў засталіся адразу трое кіраўчанак: 4, 5 і 6 месца занялі Юлія Бяляўская, Марыя Кучынская і Крысціна Кобазава.
Усе разам кіраўчане набралі дастаткова ачкоў, каб па суме балаў упэўнена апярэдзіць магіляўчан, стаўшых другімі.
Сярод юніёраў асноўныя нашы надзеі былі звязаны, безумоўна, з Вольгай Масюковіч і Наталляй Пацыенак. Дзяўчаты зноў не “падкачалі”. Шмат сіл ад спарстменаў спатрэбілася на омніуме (мнагаборстве з 6 відаў), які працягваўся з 10-ці гадзін раніцы да 23-х вечара. Самай вынослівай аказалася наша Вольга, у яе — заслужанае “золата”, а “бронза” дасталася Наталлі. У юнакоў трэцяе месца заваяваў Аляксандр Кім.
Далей спартсмены Магілёўшчыны асвойвалі новы алімпійскі веласіпедны від — кеірын. Вольга Масюковіч — першая, Наталля Пацыенак — другая! Аляксандр Кім — другі, Раман Цішкоў — чацвёрты!
У камандным спрынце юнакі ехалі па тры чалавекі, дзяўчаты — у “двойках”. І якая ж магла “двойка” паказаць лепшы час, калі Вольга з Наталляй часцей спаборнічаюць паміж сабой, а цяпер імчаліся за адзінай перамогай?.. Адзначым таксама, што ў дзесятку лепшых увайшоў яшчэ адзін кіраўскі дуэт у саставе Лізаветы Багданавай і Наталлі Масюковіч. “Тройка” юнакоў у саставе Аляксандра Кіма, Анатоля Масюковіча і Рамана Цішкова ў пратаколе аказалася на пятай пазіцыі.
У камандных гонках праследвання дзяўчаты паказалі чацвёрты вынік, а хлопцы — пяты. Але нават тое, што ў гэты раз у прызёры кіраўчане не трапілі, не змагло паўплываць на агульнакамандны вынік. Як гаворыцца, адчуйце розніцу: другое месца — Магілёў — 353 ачкі; першае месца — Кіраўск — 524 ачкі! Трымаць клас, кіраўчане, і надалей!
Сяргей КЛІМОВІЧ, трэнер па веласпорце ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.