Прыярытэтны напрамак работы сельскіх Саветаў дэпутатаў — стварэнне належных умоў пражывання сельскіх жыхароў.
Пастаянная ўвага Скрыпліцкім сельскім Саветам дэпутатаў на чале са старшынёй Ж.М.Рышкевіч надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны: на тэрыторыі сельсавета іх пражывае 7 чалавек. Тут стараюцца вырашаць усе ўзнікаючыя ў ветэранаў праблемныя пытанні: гэта і выпіска дроў, і забеспячэнне падвозу ў райбальніцу, і дапамога ў навядзенні санітарнага парадку, і інш.
Наладжаны догляд за брацкімі магіламі і пахаваннямі, якіх на тэрыторыі сельсавета 9. (На здымку: старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў Ж.М.Рышкевіч (справа) гутарыць з малаказборшчыцай С.В.Белаглазавай і паштальёнам Л.С.Лебедзевай.)
У брацкай магіле, якая знаходзіцца ў в.Хвайніца, пахаваны Герой Савецкага Саюза А.К.Шомін. Па ініцыятыве Ж.М.Рышкевіч падчас падрыхтоўкі да 65-годдзя Вялікай Перамогі тут праводзяцца актыўныя работы па добраўпарадкаванні: будуць выразаны сухія дрэвы, зроблены добры падход да магілы, прыведзена ў належны стан прылягаючая тэрыторыя, мяркуецца замяніць агароджу. Вялікі фронт работ плануецца зрабіць у ходзе рэспубліканскага суботніка.
Увогуле значнае месца ў рабоце Скрыпліцкага сельскага Савета надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, а таксама сродкаў за паслугі па закупу малака ў насельніцтва. З ліпеня 2007 г., калі сельскі Савет узначаліла Ж.М.Рышкевіч, адрамантаваны калодзежы ў в.Вязаўка, устаноўлены агароджы вакол могілак вёсак Вязаўка, Віктараўка, Барчыцы, часткова заменены або адрамантаваны платы ў в.Хвайніца. Вялікі аб’ём работ быў выканан пры ўладкаванні аграгарадка Барчыцы. На чарзе — здача ў эксплуатацыю аграгарадка Скрыпліца, фарміраванне якога ажыццяўляецца сёлета. Як адзначыла ў размове Ж.М.Рышкевіч, Скрыпліца вёска вялікая, пражывае больш 400 сяльчан, дамы дыхтоўныя, і пакідаць гэтыя месцы насельніцтва не збіраецца. Таму неабходна стварыць для сяльчан утульнасць і добрыя ўмовы для працы і адпачынку.
Па меры праводзімай работы вырашаюцца вострыя для жыхароў сельсавета праблемы. Так, напрыклад, сяльчан з в.Камерава вельмі турбуе дрэнны стан пад’язной дарогі да іх населенага пункта. Старшыня сельскага Савета звярнулася за дапамогай да кіраўніцтва раёна, і кошт работ па падсыпцы дарогі быў закладзены ў бюджэт на гэты год. Жывуць тут у асноўным сталыя людзі: патрэбна і “хуткай дапамозе” даехаць, і аўтамагазіну, і г.д.
У в.Віктараўка старшынёй сельскага Савета разам з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства было вырашана пытанне ўдасканалення работы аўтамагазіна: сяльчан не задавальняў графік яго прыезду — у 20 гадзін, а таксама якасць абслугоўвання; час прыезду быў перанесены на 14 гадзін, задаволены людзі зараз і работай прадаўца Г.В.Каранкевіч.
Як адзначыла Ж.М.Рышкевіч, прыемныя пачуцці валодаюць сэрцам, калі зробіш для людзей добрую справу, дапаможаш у вырашэнні набалелага пытання. Жанна Міхайлаўна заўважыла, што на тэрыторыі іх сельсавета добра працуюць установы аховы здароўя, работнікі ўсіх чатырох ФАПаў сумленна выконваюць свае абавязкі, і ад вяскоўцаў не паступае ніякіх нараканняў. Сельскім Саветам наладжаны цесны кантакт са школамі. Старанна, добрасумленна працуюць малаказборшчыкі — усе пытанні вырашаюцца разам, у імкненні наладзіць справу як мага лепш.
Вось некаторыя з асноўных клопатаў, якімі жывуць Скрыпліцкі сельскі Савет і яго старшыня, з увагай і павагай ставячыся да лю-дзей, іх запытаў і патрэб.
Старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў Ж.М.Рышкевіч зарэгістравана кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Скрыпліцкай выбарчай акрузе №36.
З увагай да патрэб сяльчан
Пятница, 9.04.2010 12:18. Рубрика: Время — местное