Дзеля новых футбольных перамог!

Адметная падзея адбылася ў спартыўным жыцці раёна. На стадыёне райцэнтра з’явілася сучасная міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. У выхаванцаў ДЮСШ і проста аматараў гульні №1 цяпер ёсць магчымасць трэніравацца і павышаць сваё футбольнае майстэрства ў новых умовах.
Урачыстае адкрыццё пляцоўкі адбылося ў рамках Адзінага тыдня масавага футбола ў мінулую сераду. Парадавацца гэтай падзеі на стадыён прыйшлі прадстаўнікі райвыканкама, арганізацый і ўстаноў горада, ветэраны спорту, юныя спартсмены, настаўнікі і навучэнцы ўстаноў адукацыі.
У ліку ганаровых гасцей мерапрыемства быў старшыня асацыяцыі “Беларуская Федэрацыя футбола” Г.М.Нявыглас, які ў сваёй прамове падчас адкрыцця спартыўнага збудавання адзначыў, што міні-футбольная пляцоўка ў Кіраўску стала адной з 70-ці падобных у рэспубліцы. Мэта іх будаўніцтва — папулярызацыя футбола ў краіне, прадастаўленне магчымасці больш якасна развіваць гэты від спорту менавіта на ўзроўні спартыўных школ, бо менавіта тут закладваюцца асновы футбольнага майстэрства. Сутнасць праводзімага ў краіне Адзінага тыдня масавага футбола ў тым, падкрэсліў Г.М.Нявыглас, каб прыцягнуць да самай папулярнай у свеце гульні як мага больш людзей, уключаючы аматараў, непрафесіяналаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і г.д.
Г.М.Нявыглас прыбыў у Кіраўск з падарункамі: 20-цю прафесійнымі футбольнымі мячамі і камплектамі прафесійнай футбольнай экіпіроўкі, якія ўручыў выхаванцам ДЮСШ.
Павіншаваў кіраўчан дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Магілёўскай абласной Федэрацыі футбола А.Ц.Глаз. Ён адзначыў, што Кіраўскі раён — вядучы рэгіён вобласці сярод сельскіх раёнаў па развіцці футбола, і новая пляцоўка будзе садзейнічаць развіццю гэтага віду спорту яшчэ ў больш значнай ступені.
Удзячнасць Беларускай Федэрацыі футбола за дапамогу ў тым, што ў Кіраўску з’явілася сучаснае спартыўнае збудаванне, выказаў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. З сямі відаў спорту, якія найбольш культывіруюцца ў раёне, адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, футбол — самы масавы і папулярны. Таму дзень, калі ў раёне для аматараў гэтай гульні з’явілася магчымасць трэніравацца на штучным пакрыцці практычна ў любы сезон, можна лічыць гістарычным.
Варта адзначыць, што перад уладкаваннем штучнага пакрыцця міні-футбольнай пляцоўкі значную работу па падрыхтоўцы яе асновы зрабілі работнікі ДЮСШ. На гэта былі выкарыстаны сродкі з раённага бюджэту, прадугледжаныя на развіццё фізкультуры і спорту, а таксама ўласныя сродкі ДЮСШ.
У.У.Піскіжаў, ганаровыя госці перарэзалі чырвоную стужку перад уваходам на новую пляцоўку, а таксама нанеслі першыя сімвалічныя ўдары па мячу.
Ну і, вядома ж, не абышлося без самога футбола. Першымі матчы паміж сабой з захапленнем правялі юныя футбалісты-выхаванцы ДЮСШ.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.