Кубак раённай газеты — зноў у Мышкавічах!

У першамайскую раніцу, якая выдалася шчодрай на сонейка і цеплыню, ля Алеі Славы ў г.Кіраўску адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Святу працы. Удзел у ім прынялі кіраўнікі, старшыні прафкамаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, а таксама члены каманд, прыбыўшых на лёгкаатлетычны крос, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі, 75-годдзю раённай газеты “Кіравец” і на прызы газеты “Советская Белоруссия”.
Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было даверана ўзняць Яўгену Пішчаліну, капітану каманды Мышкавіцкага сельсавета, якая па выніках папярэдняга лёгкаатлетычнага кросу стала ўладальніцай пераходнага кубка раённай газеты “Кіравец”, і Настассі Сіняк, в.а. начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Падчас мітынгу прысутных шчыра віталі і віншавалі са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В.Маркевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ ААТ “Кіраўсквадгас” Марына Кулагіна.
Затым быў дадзены старт лёгкаатлетычнаму кросу, які праводзіўся па 5-ці ўзроставых групах: 14-16 год, 17-29, 30-44, 45-54, 55 год і старэй. Каманды складаліся з дзесяці ўдзельнікаў і аднаго кіраўніка. Жанчынам і дзяўчатам трэба было пераадолець дыстанцыю ў 1005 м, мужчынам і юнакам — 2010 м.
Трэба заўважыць, калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў прынялі самы актыўны ўдзел у спаборніцтвах — на іх прыбыло 24 каманды — больш за 230 чалавек, і ўсе прадэманстравалі імкненне да лепшага рэзультату, волю да перамогі.
Геаграфія перамог атрымалася даволі шырокая.
Першымі выйшлі на старт дзяўчынкі ва ўзросце 14-16 год. Самай хуткай на дыстанцыі з іх была Марыя Жвырблеўская з СШ №1, за ёю фінішавала Ганна Елісеенка (СВК “Калгас “Беларусь”), замкнула тройку прызёраў Настасся Ерамеева са Скрыпліцкага сельсавета. Юнакі гэтай узроставай групы размясціліся на п’едэстале гонару наступным чынам: Аляксандр Арцёмаў са Скрыпліцкага сельсавета — першае месца, Віталь Сідоркін з СШ №1 — другое і Мікіта Ганчароў з каманды СВК “Добасна-агра” — трэцяе месцы.
Ва ўзроставай катэгорыі 17-19 год у жанчын увесь п’едэстал гонару захапілі ліцэісткі: Святлана Грышчанка, Марыя Назарава і Тамара Андрайчук, адпаведна 1-3 месцы. У мужчын перамогу святкаваў Аляксей Бычкоў з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, другім фінішаваў Андрэй Юшкевіч з Жыліцкага сельгаскаледжа, трэцім — Руслан Гайдукевіч з Любоніцкай СШ.
Узроставая група 30-44 гады. Тут першынствавала прадстаўніца каманды СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Вера Гаўрылава, у яе сяброўкі па камандзе Наталлі Шынкевіч — другое, а ў Алены Раташ з ліцэя №15 — трэцяе месцы. У мужчын перамога была зноў на баку рассветаўца — Яўгена Пішчаліна, на другім месцы — Міхаіл Міхайлюк з Жыліцкага сельгаскаледжа і на трэцім — Юрый Галіцкі з СВК “Добасна-агра”.
Ва ўзроставай групе 45-54 гады хутчэй за іншых пераадолела дыстанцыю Святлана Смайлава з РВЭС, другое месца — у пастаяннай удзельніцы ўсіх спартыўных спаборніцтваў Кацярыны Яскевіч з каманды райаграпрамтэхзабеспячэння, замкнула тройку прызёраў Таццяна Цішкова з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У мужчын гэтай катэгорыі на п’едэстале гонару было два прадстаўнікі Жыліцкага каледжа: пераможца Уладзімір Пракопчык і бронзавы прызёр Уладзімір Цішкоў, другое месца — у Феафана Аляшкевіча са Скрыпліцкага сельсавета.
Ва ўзроставай групе 55 год і старэй спаборнічалі толькі дзве жанчыны: Ніна Гушчына з райаграпрамтэхзабеспячэння і Валянціна Лісоўская з ліцэя, якія і занялі адпаведна першае і другое месцы. У мужчын лепш іншых справіўся з дыстанцыяй пастаянны ўдзельнік спаборніцтваў Іван Дарафей, другім на фініш прыйшоў Алег Тараканаў з СВК “Калгас “Беларусь”, трэцім — Рыгор Дайнека.
Цяжка сказаць, ці змяніў прапіску кубак рэдакцыі раённай газеты “Кіравец”: калі да гэтага ён знаходзіўся ў Мышкавіцкім сельскім Савеце дэпутатаў, то па выніках цяперашніх спаборніцтваў перамогу ў агульнакамандным заліку святкавала дружная каманда СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Яна і стала ўладальніцай пераходнага кубка. На другой прыступцы п’едэсталу гонару — каманда ліцэя №15, на трэцяй — Скрыпліцкага сельсавета.
Відавочна, барацьба за перамогу пры такой колькасці ўдзельнікаў была не з лёгкіх. Але кожны атрымаў запал бадзёрасці, аптымізму, добрага настрою і ўпэўненасць у тым, што час, затрачаны на пераадольванне дыстанцыі, — затрачаны на карысць здароўю.
Прызы ўдзельнікам былі прадастаўлены фізкультурна-спартыўным клубам Кіраўскага раёна, рэдакцыяй раённай газеты “Кіравец”, Кіраўскім Каардынацыйным Саветам старшынь камітэтаў прафсаюзаў.
Рэдакцыя “раёнкі” ўзнагародзіла спецыяльным прызам — падпіскай на “Кіравец” на трэці квартал бягучага года старэйшых удзельнікаў кросу І.І.Дарафея і Н.І.Гушчыну, а таксама актыўнага няштатнага аўтара раённай газеты Р.Н.Дайнеку.
Шчыра дзякуем усім за ўдзел у кросе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.