Насуперак лёсу

Наш зямляк Мікалай Піліпавіч Лук’янаў стаць пісьменнікам марыў яшчэ з дзяцінства, але толькі на сёмым дзесятку ён прынёс у рэдакцыю сваё апавяданне. Так склалася жыццё. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ў Кіраўску далей вучыцца яму не ўдалося — усё перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна. Толькі на фронт хлопца не ўзялі: не хапіла гадоў. Як і многія яго аднагодкі, ён не сядзеў склаўшы рукі – пайшоў у партызаны. І да чэрвеня 1944 года ў складзе партызанскага атрада №537 змагаўся з ворагам.
Пасля злучэння з часцямі Савецкай Арміі Мікалай Піліпавіч ваяваў на фронце. Пры вызваленні Польшчы ў ліпені 1944 года быў цяжка паранены. У выніку – страта зроку. У сувязі з гэтым лёс прыгатаваў яму шмат выпрабаванняў. Толькі былы салдат не ўпаў духам, пачаў змагацца за жыццё. Пры вяртанні на радзіму самастойна авалодаў шрыфтам Брайля (рэльефна-кропачны шрыфт, прызначаны для пісьма і чытання сляпымі людзьмі). Не пакінулі сам-насам з выпрабаваннямі яго сябры, якія дапамаглі зрабіць першыя самастойныя крокі ў новым жыцці.
Ужо праз некалькі месяцаў ён працаваў на прадпрыемстве таварыства сляпых у г.Бабруйску: спачатку займаўся шыццём, пляценнем. Пасля стаў настаўнікам у вячэрняй школе на прадпрыемстве. І на працягу дваццаці гадоў перадаваў свае навыкі такім жа, як сам, страціўшым зрок людзям.
Мікалай Піліпавіч – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ён удзельнічае ў грамадскім жыцці Беларускага таварыства сляпых. З 1968 года быў выбраны старшынёй абласнога праўлення, якое ўзначальваў да 1989 года, да выхаду на заслужаны адпачынак.
Увесь час нашага земляка, ураджэнца в.Лешчанка, не пакідала думка заняцца літаратурнай дзейнасцю. Важна адзначыць, што любая праца сляпога чалавека патрабуе ад яго значна больш часу. (Дарэчы, для напісання слова сляпы затрачвае ў 15-20 разоў больш часу, чым відушчы). Літаратурная дзейнасць Лук’янава – гэта карпатлівая работа па начах, сотні кілаграмаў спецыяльнага картону для пісьма па Брайлю. Гэта дадатковыя перажыванні, бо асноўная тэма твораў ветэрана – вайна і пасляваенны час. Аб гэтым сведчаць яго творы “І цемра адступіла”, “Ягоны боль”, “Цяжкія дарогі”, “Сілы жыцця” і іншыя.
Спачатку ён дыктаваў матэрыялы жонцы Марыі Антонаўне, калі яна, справіўшыся з хатнімі клопатамі, а дочкі Люба і Ларыса спакойна адпачывалі, пачынала друкаваць на пішучай машынцы. Пазней нагаворваў падросшым дочкам. Толькі друкавацца не спяшаўся, думаў – ці патрэбна гэта людзям?
І вось аднойчы Марыя Антонаўна, перачытаўшы аповесць, перадрукаваную начыста, сказала яму: “Трэба, каб яна ўбачыла свет!”
Так у 1987 годзе ў часопісе “Маладосць” была надрукавана першая яго аповесць “І цемра адступіла”. Члены рэдкалегіі прыйшлі да вываду, што Лук’янаў – высокапрафесійны літаратар. У яго свой стыль, свае вобразы, свая тэма, урэшце рэшт – сваё разуменне жыцця. Пасля гэтага Мікалай Піліпавіч доўгі час нічога не падаваў для друку. Але не пераставаў працаваць над напісаннем новых твораў, толькі не мог сабе дазволіць прадаставіць чытачу матэрыял, які самога не задавальняў.
І толькі ў мінулым го-дзе выйшла першая кніга пісьменніка Лук’янава “І цемра адступіла”, у якую сярод іншых увайшла і аднайменная аповесць. У ёй пісьменнік апісвае эпізоды свайго жыцця: галоўны герой Павел Янкевіч пасля цяжкага ранення ачуняў у шпіталі і зразумеў, што ён аслеп – назаўсёды. І не скарыўся лёсу: ішоў па жыцці мэтанакіравана.
Напрыканцы аповесці пісьменнік апісвае дзяўчыну, яго Машу. Яна пакахала маладога хлопца з першага позірку, і ўжо ніякіх перашкод для яе не магло быць. Так і ішлі па жыцці поруч.
На працягу доўгіх гадоў жыцця Марыя Антонаўна была для мужа не толькі каханай, але і сябрам, дарадчыкам. Толькі, на жаль, некалькі гадоў таму яе не стала.
Нягледзячы на свой узрост, а Мікалаю Піліпавічу 85 гадоў, ён заўсёды сярод людзей. Член Саюза пісьменнікаў СССР, удастоены ганаровага звання “Заслужаны работнік сацыяльнага абслугоўвання БССР”. За баявыя дзеянні ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, шматлікімі медалямі. У яго шмат сяброў, ёсць свае чытачы. Яны з нецярпеннем чакаюць новых твораў. А для гэтага пісьменніку неабходна, нягледзячы ні на што, працаваць. Каб апраўдаць давер чытачоў. І ў гэтым яму дапамагаюць яго дочкі, якія жывуць тут жа, у Магілёве. Не пакідаюць у адзіноце дзядулю ўнучка Таня і ўнукі Паша і Мікалай. А самы любімы чалавек для Мікалая Піліпавіча, ды і ўсіх Лук’янавых – праўнучка Маша. У гонар Марыі Антонаўны названая…
Таццяна БАРАДЗІНА
(па матэрыялах кнігі «Памяць» Кіраўскага раёна і газеты “Советская Белоруссия» (№87 ад 14 мая г.г.)).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.