У імя жыцця і памяці аб героях…

Па-сапраўднаму святочная раніца панавала 9 Мая: цёплае надвор’е, белая квецень садоў, яркая зеляніна дрэў, рознакаляровыя букеты кветак у руках прыгожа апранутых кіраўчан, якія выйшлі на вуліцы горада, каб павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны са знамянальнай датай — 65-й гадавінай Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, аддаць даніну памяці тым, хто не вярнуўся з поля бою.
Перад пачаткам святкавання на плошчы імя Кірава адбылася цырымонія ўздыму Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і флага Кіраўскага раёна. (На здымку) Старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў і раённы ваенны камісар С.І.Паддубны ўручаюць ветэранам юбілейныя медалі «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.».

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся каля брацкай магілы воінаў і партызан — тут адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг. У ім прынялі ўдзел члены райвыканкама на чале са старшынёй У.У.Піскіжавым, прадстаўнікі грамадскіх арга-нізацый, працоўных калектываў, моладзь, а ў цэнтры ўвагі былі самыя галоўныя ўдзельнікі свята — ветэраны. Шкада толькі, што з кожным годам іх застаецца ўсё менш і менш. Але яны па-ранейшаму ў страі, поўныя гордасці за нашу незалежную і працвітаючую Беларусь, падрастаючае пакаленне, якое выхоўваецца на гераічных прыкладах герояў мінулай вайны, праяўляе ўвагу і клопат пра ветэранаў.
… Гучаць пазыўныя фанфары “Дзень Перамогі” ў выкананні духавога аркестра. Слова прадастаўляецца старшыні райвыканкама У.У.Піскіжаву:
— Мы сустракаем 65-ю мірную вясну, напоўненую спевамі птушак, смехам дзяцей і радасцю стваральнай працы, — звярнуўся да ветэранаў і ўсіх удзельнікаў мітынгу кіраўнік раённай вертыкалі ўлады. — Гэты дзень — 9 Мая, заўсёды будзе ў сэрцы кожнага беларуса, быў і застаецца сімвалам нацыянальнай гордасці і памяці.
У.У.Піскіжаў нагадаў памятныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, якія ўпісалі ў агульную перамогу жыхары нашага раёна. Гэтыя словы прымусілі ўспомніць пра цану, якую савецкі народ заплаціў за нашу сённяшнюю мірную вясну.
Старшыня райвыканкама павіншаваў усіх прысутных са светлым святам Вялікай Перамогі, пажадаў моцнага здароўя, бадзёрасці і добрага настрою. Затым У.У. Піскіжаў разам з раённым ваенным камісарам С.І.Паддубным уручыў юбілейныя медалі “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.” прысутным на свяце ветэранам: В.І.Дамарацкай, В.А.Буславу, Р.І.Куцілкіну, І.А.Корзуну, Г.В.Каранкевіч, Л.І.Манько, А.К.Шумілаву.
З увагай слухалі ўдзельнікі мітынгу выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Р.І.Куцілкіна. Ён заклікаў прысутных помніць тых, хто змагаўся і абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хто ў тыле ворага аддаваў часцінку сябе на алтар агульнай Перамогі. Ветэран пажадаў прысутным мірнага неба над працвітаючай Беларуссю на доўгія гады!
Ад імя маладога пакалення словы падзякі ветэранам выказала вучаніца Мышкавіцкай СШ А.Жук. Яна запэўніла віноўнікаў урачыстасці, што моладзь будзе рабіць усё залежачае ад яе, каб зраненыя памяццю сэрцы ветэранаў пастаянна саграваць сваёй цеплынёй і клопатамі. З гэтай нагоды вучні школ раёна прымаюць актыўны ўдзел у праекце “Пераможны марш”.
Прыспушчаны сцягі. Члены райвыканкама, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзячныя патомкі ўскладаюць вянкі і кветкі да брацкай магілы і мемарыяльнага знака. Раздаюцца залпы салюта ў гонар загінуўшых. Іх памяць ушаноўваецца мінутай маўчання. У мірнае блакітнае неба ўзнімаюцца рознакаляровыя паветраныя шары, выпушчаныя з рук дзяцей.
Пачынаецца ўрачыстае шэсце святочных калон на плошчу імя Кірава. Яго ўзначальвае група сцяганосцаў, у састаў якой увайшлі супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Д.Л.Лескавец, начальнік раённага вузла электрычнай сувязі А.С.Ткачоў і дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці С.М.Васільева. Затым крочаць сцяганосцы працоўных калектываў, духавы аркестр, супрацоўнікі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дэлегацыі раённага выканаўчага камітэта, грамад- скіх аб’яднанняў, працоўных калектываў.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны праехалі па галоўнай вуліцы горада на “Волгах”, іх твары свяціліся радасцю. Віноўнікаў урачыстасцей шчыра віталі салютам піянеры.
На плошчы імя Кірава была разгорнута экспазіцыя «Вогненныя вёрсты вайны» (фота-здымкі экспазіцыі — на 3-й стар.).
У гарадскім парку працавала дзіцячая пляцоўка, на якой праводзіліся забаўляльныя гульні, атракцыёны, спартыўныя эстафеты.
Дзеці і дарослыя з задавальненнем фатаграфаваліся на памяць з “акцёрамі”, якія ўдзельнічалі ў эпізодах, сярод ваенных дэкарацый.
Тым часам на плошчы пачалася канцэртная праграма “Салют Перамогі”. У адрас святкуючых гучалі віншаванні, пажаданні. Ну і, вядома, у цэнтры ўвагі былі тыя, хто 65 год таму з вялікай мужнасцю і стойкасцю адстаяў мір, які пануе цяпер у краіне, — нашы дарагія, глыбока паважаныя ветэраны. Разам са шчырымі падзякамі і віншаваннямі, яны атрымалі кветкі ад маленькіх жыхароў раёна, дзеля жыцця якіх і змагаліся ў гады ваеннага ліхалецця.
Канцэртныя нумары прадстаўлялі аркестр народных інструментаў Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, духавы аркестр “Фанфары Кіраўска”, народны ансамбль песні “Мілавіца”, калектывы Мышкавіцкай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў, узорны харэаграфічны калектыў “Зязюлечка” г.Бабруйска.
Для жыхароў райцэнтра ў выкананні ўдзельнікаў ансамбля ветэранаў працы прагучала песня пра наш родны горад “Песня пра Кіраўск”, напісаная Галінай Спірыдонавай.
Завяршыўся святочны канцэрт пад мелодыі ваенных гадоў і пажаданні міру, шчасця і працвітання нашай краіне.
Таццяна БАРАДЗІНА, Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.