Захаваць гістарычнае мінулае

Добра вядома, якую гістарычную і культурную каштоўнасць уяўляе сабой Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль для ўсёй краіны. Каб захаваць гэты ўнікальны помнік, з сакавіка мінулага года тут былі распачаты рамонтна-рэстаўрацыйныя работы, якія працягваюцца і зараз. Аб’ёмы работ на гэтым аб’екце трэба выканаць вельмі значныя. Непаспрэдна зараз яны вядуцца ў заходняй і паўночна-заходняй частках будынка комплексу-музею.
Як нам паведамілі ў аддзеле культуры райвыканкама, на бягучы год для фінансавання работ па рамонце і аднаўленні палацава-паркавага ансамбля было выдзелена 3980 млн.руб., у тым ліку за кошт дзяржаўнай інавацыйнай праграмы — 1990 млн.руб. і столькі ж з абласнога бюджэту. Генеральным падрадчыкам выканана сёлета рамонтна-будаўнічых работ на суму 2963 млн.руб. У прыватнасці, праведзена бетаніраванне маналітнага перакрыцця, узмоцнены падмурак і сцены, часткова адрамантаваны дах. Шмат таксама зроблена ўнутраных работ: шпаклёўка сцен, укладванне падлогі, афарбоўка, устаноўка аконных блокаў, пракладка водаправодных і цеплавых сетак.
Плануецца, што да пачатку новага навучальнага года Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў зноў размесціцца ў памяшканнях, якія займала раней, толькі ўжо ў адрамантаваных.
Паралельна вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі трэцяй і чацвёртай чэргаў рамонтна-будаўнічых работ, распрацаваны праект аховы зон усяго палацава-паркавага ансамбля, у які ўваходзяць парк, гаспадарчыя пабудовы, водаахоўная зона ракі Добасна, былыя будынкі фальварка, старожкі, пабудовы цукровага завода, ледніка.
Плануецца, што першы этап будаўнічых работ будзе завершаны да канца кастрычніка бягучага года.
Запісаў Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.