Дастойны прадаўжальнік дынастыі

Кім стаць у будучым Іван Барысёнак вырашыў для сябе яшчэ ў дзяцінстве, калі з захапленнем садзіўся за руль аўтамашыны, на якой працаваў бацька.
На здымку: малады вадзіцель-тысячнік Іван Барысёнак з СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага.
Вадзіцелем быў і дзядзька хлопца. А таму, доўга не думаючы, пасля заканчэння Стаўпіцкай школы юнак з вёскі Падрэчча паступіў у Бабруйскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Скончыўшы яго, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. А свае шафёрскія навыкі шліфаваў падчас службы ва Узброеных Сілах.
Толькі другі год пасля арміі Іван працуе ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, а паспеў дабіцца неблагіх працоўных дасягненняў. Маладому вадзіцелю даручылі магутны МАЗ, і хлопец штораніцы адпраўляецца на ім у чарговы рэйс, выконваючы пастаўленыя кіраўніцтвам задачы.
Зараз у Івана, як і ў многіх іншых, адказная пара — жніво. Цяжкавата, спякотна, прызнаецца хлопец, але адказна і пачэсна перавозіць намалочанае збожжа. Рэйс за рэйсам вадзіцель дастаўляе яго на сушыльную гаспадарку. Бывае, даводзіцца адвозіць збажыну і на камбінат хлебапрадуктаў. Працуе Іван з агеньчыкам, юнацкім запалам. Адсюль і вынік: у працоўным раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў ён адным з першых перавёз тысячу тон збожжа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.