Канікулы: дзе адпачыць, а дзе падзарабіць?

Чарговая “прамая тэлефонная лінія”, праведзеная на базе рэдакцыі, была прысвечана пытанням часовай працоўнай занятасці і летняга адпачынку вучнёўскай моладзі. На пытанні жыхароў раёна адказвалі: в.а. начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А.М.Каранкевіч, галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Т.А.Капцеева, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы В.Я.Галомзік, галоўны спецыяліст райкама ГА “БРСМ” А.С.Каранькоў.
— Ці магчыма майму сыну, навучэнцу Бабруйскага будаўнічага каледжа, на час канікулаў уладкавацца на работу ў якую-небудзь будаўнічую арганізацыю г.Кіраўска?
Л.У.Каралёва,
в.Добасна.
— Звесткі аб наяўнасці свабодных рабочых месц, у тым ліку і па будаўнічых прафесіях, маюцца ў сектары занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Сектарам занятасці арганізуюцца аплачваемыя грамадскія работы, у якіх можна прыняць удзел. Звяртайцеся туды па тэлефоне 25-0-81.
— Да нас прыехаў на лета ўнук, мы — і дзядуля, і бабуля — працуем. Ці можам мы ўзяць для ўнука пуцёўку ў лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей?
Людміла Іванаўна, г.Кіраўск.
— Пуцёўку ў такі лагер могуць узяць толькі бацькі або афіцыйна вызначаныя апекуны.
— Кожнае лета пры ДЮСШ працуе спартыўны лагер. Трапіць туды можа любы школьнік ці ёсць нейкія ўмовы для атрымання пуцёўкі?’
Н.П.Каранкевіч, г.Кіраўск.
— Гэтам летам на базе ДЮСШ будзе працаваць дзве змены дзённага спартыўна-аздараўленчага лагера па 50 чалавек. Першая змена пачнецца 1 ліпеня. На працягу знаходжання ў лагеры для рабят арганізуецца трэніроўка (заняткі спортам), яны абедаюць, а потым праводзяцца розныя мерапрыемствы. Для таго, каб трапіць у лагер, патрэбна быць вучнем ДЮСШ. Калі ваша дзіця не займаецца ў спартыўнай школе, трэба звярнуцца да трэнера, які залічыць яго ў ДЮСШ, а далей — у лагер. Тэлефон: 25-7-13.
— Як арганізуе занятасць моладзі райкам БРСМ? Ці ёсць у раёне працоўныя лагеры?
Сяргей, 17 год.
— Райкам БРСМ сумесна з ДЮСШ у канцы ліпеня — пачатку жніўня арганізуе работу спартыўна-патрыятычнага лагера на турбазе “Барсукі” з уключэннем у састаў адпачываючых “цяжкіх” падлеткаў. Тым, хто жадае трапіць у лагер, трэба звяртацца да сакратароў сваіх пярвічных арганізацый БРСМ.
У ліпені плануецца стварэнне сельскагаспадарчага атрада на базе ліцэя №15.
— Раней школьнікам можна было падзарабіць на розных работах. Ці арганізаваны такія работы падчас гэтых канікулаў?
Т.І.Іванова, г.Кіраўск.
— Аддзелам адукацыі райвыканкама заключаны дагавор на арганізацыю працоўнай занятасці вучняў з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на 30 млн. рублёў. Працоўнай дзейнасцю на платнай аснове ахоплена 105 школьнікаў з гімназіі г.Кіраўска, Дабаснянскай, Паўлавіцкай, Скрыпліцкай СШ, раённага Цэнтра пазашкольнай работы: рабяты займаюцца добраўпарадкаваннем, рамонтам школьнай мэблі, а ў ЦПР — пашывам сцэнічных касцюмаў, камплектаў пасцельнай бялізны.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.