Кіраўскія валейбалісткі — мацнейшыя ў рэспубліцы!

23-25 чэрвеня ў г.Пружаны Брэсцкай вобласці адбыўся фінал рэспубліканскай спартакіяды «Каласок» сярод дзяцей і падлеткаў 1994-96 гадоў нараджэння аграгарадкоў і іншых сельскіх населеных пунктаў. Удзел у ім прымалі каманды-пераможцы абласных этапаў спартакіяды. Гонар Магілёўскай вобласці абаранялі валейбалісткі Кіраўшчыны, а дакладней, з Мышкавіцкай СШ.
Графік сустрэч быў напружаным, але, дзякуючы добрай арганізацыі спаборніцтваў і, безумоўна, настрою і падрыхтаванасці дзяўчат, мы выступілі дастойна.
У першы дзень наша каманда сустракалася з валейбалісткамі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці і атрымала ўпэўненую перамогу (2:0). У другі дзень спаборніцтваў мы правялі тры сустрэчы на валейбольнай пляцоўцы. І калі каманду Столінскага раёна Брэсцкай вобласці абыгралі ўпэўнена (2:0), то ў гульнях з леташнімі прызёрамі — камандамі Маладзечанскага і Гомельскага раёнаў, давялося праявіць не толькі тэхнічнае майстэрства, але і характар, бо па ходу сустрэч уступалі сваім сапернікам. І ўсё ж здолелі пераламаць ход гульняў і папоўніць сваю капілку яшчэ дзвюма перамогамі. Абыграўшы каманду Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў апошні дзень спартакіяды, мы сталі пераможцамі. Наша нападаючая Вікторыя Ганчаронак была прызнана лепшым іграком турніру. Акрамя яе хацелася б вылучыць Ірыну Віліўчанка і Кацярыну Сушко, якія прадэманстравалі добрую гульню.
Дарэчы будзе нагадаць, што на 1-й спартакіядзе “Каласок” каманда валейбалістак нашага раёна з вучаніц Любоніцкай СШ у 1997г. заваявала трэцяе месца (праходзіў фінал на базе Жыліцкага сельгаскаледжа).
Сяргей ЛАЗАКОВІЧ, трэнер ДЮСШ
па валейболе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.