Крымінальная хроніка

У барацьбе
з “зялёным змеем”

Згодна змяненняў, унесеных у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, зараз за выраб моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), а таксама захоўванне апаратаў для вырабаў алкагольных напіткаў грамадзяне могуць быць папярэджаны альбо аштрафаваны з канфіскацыяй вышэй адзначанага. За тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна напрацягу года, або захоўванне самагону ці брагі прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй.
Аднак некаторых жыхароў раёна зусім не пужае рызыка атрымаць адміністрацыйнае пакаранне і штрафы. Так, у перыяд з 23 чэрвеня па 1 ліпеня супрацоўнікамі райаддзела ўнутраных спраў затрыманы 3 чалавекі, якія мелі пры сабе самагон. У доме адной з жыхарак райцэнтра міліцыянеры выявілі і канфіскавалі 0,5 літра самаробнага спіртнога. 250 літраў “нічыйнай” самагоннай брагі праваахоўнікі знайшлі ў лясным масіве побач з в.Суянец.
Крадуць
мабільныя тэлефоны…

Па-ранейшаму аб’ектам крадзяжоў, а менавіта яны складаюць асноўную частку злачынстваў, учыняемых на тэрыторыі раёна, з’яўляюцца мабільныя тэлефоны. Так, напрыканцы чэрвеня з аднаго з пакояў інтэрната Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа знік мабільнік, належачы навучэнцу ўстановы. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі РАУС устанавілі, што тэлефон “прыхапіў” 16-гадовы навучэнец гэтага ж каледжа. Як потым высветлілася, юны злачынца спакусіўся яшчэ на адзін мабільнік. Украў яго шляхам свабоднага доступу з домаўладання адной з жыхарак а/г Добасна.
А вось 28-гадовы кіраўчанін вырашыў, як гаворыцца, адным стрэлам забіць двух зайцоў: у адным з дамоў райцэнтра ўкраў два мабільнікі адразу ды яшчэ і асабістыя рэчы гаспадара прыхапіў. Дарэчы, вопыт у злодзея ўжо меўся: раней асуджваўся за крадзяжы.
…веласіпеды…
Як заўжды ў аператыўных зводках выпадкі прапажы веласіпедаў. За вышэй адзначаны перыяд узбуджана тры крымінальныя справы па фактах крадзяжоў гэтага найбольш распаўсюджанага ў нашым раёне транспартнага сродку. У чэрвені веласіпед “увялі” у жыхаркі а/г Мышкавічы. Ахвярай веласіпедакрада стала і кіраўчанка. Яе транспартным сродкам вырашыў скарыстацца навучэнец ліцэя №15, раней ужо судзімы за крадзеж. Юнак украў веласіпед з хлева пенсіянеркі, падабраўшы ключ.
…і прадукты харчавання
Да крадзяжоў мабільнікаў і веласіпедаў у апошні час далучыліся крадзяжы прадуктаў харчавання. Так, у райаддзел унутраных спраў звярнулася бабруйчанка з заявай, што ў чэрвені з яе дачнага доміка ў в.Стаўпішчы невядомыя асобы, узламаўшы замок, выкралі прадукты харчавання і асабістыя рэчы.
Па фактах крадзяжоў прадуктаў харчавання з дома-ўладанняў, размешчаных на тэрыторыі раёна, у чэрвені — ліпені бягучага года ўзбуджана яшчэ некалькі крымінальных спраў.
Падрыхтавана па дадзеных
групы інфармацыйнага забеспячэння РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.