Мемарыял К.П.Арлоўскага

Як мы паведамлялі ўжо, у мінулыя суботу і ня-дзелю ў Мышкавічах прайшоў чарговы, 42-гі Мемарыял Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, былога старшыні калгаса “Рассвет” К.П.Арлоўскага па веласіпедным спорце. Расказаць аб тым, як праходзілі спаборніцтвы, мы папрасілі нязменнага галоўнага суддзю ўсіх Мемарыялаў У.С.БЯЛЯЎСКАГА:
— Урачыстае адкрыццё адбылося каля Мышка-віцкага СДК. Капітаны каманд узнялі дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і, па склаўшайся традыцыі, усклалі вянкі і кветкі да бюста К.П.Арлоўскага.
Потым пачаліся непасрэдна самі спаборніцтвы. У суботу прайшлі групавыя гонкі. Адзначым, што ў абодва дні выступаць спартсменам было вельмі цяжка з-за моцнай спякоты. Але не менш гарачай была і барацьба паміж сапернікамі.
Жанчыны, а іх было 17, адправіліся на дыстанцыю ў 45 км. Гэта два кругі па маршруце Мышкавічы — Валосавічы — Цейкавічы — Кіраўск — Мышкавічы. З першых хвілін веласіпедысткі ўзвінцілі высокі тэмп, не ўступаючы адна адной. Ва ўпартай барацьбе перамагла ў гонцы прадстаўніца Мінска Крысціна Жыжа. Другой стала магіляўчанка Марына Шмаянкова і замкнула тройку прызёраў яшчэ адна спарт-сменка са сталіцы Таццяна Скурат. Канкурэнцыю ім імкнуліся скласці дзве нашы зямлячкі — Вольга Масюковіч і Наталля Пацыенак, якія прадстаўлялі Гомельскую вобласць, паколькі з’яўляюцца выхаванкамі Мазырскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Разам з некалькімі іншымі спартсменкамі яны падзялілі месцы з 5-га па 10-е.
Не менш упартай была барацьба і ў мужчын, якім патрэбна было пераадолець 112,5 км. 48 спартсменаў ехалі 5 кругоў па вышэй названай трасе. Першым да фінішу дабраўся вопытны Яўген Собаль з каманды Брэсцкай вобласці. У барацбе за прызавыя месцы ён апярэдзіў дваіх прадстаўнікоў Міншчыны: Мікіту Жараўня і Яўгена Гутаровіча. Удзел у гонцы прыняў і наш зямляк Яўген Шамсонаў, які фінішаваў на 14-й пазіцыі.
На наступны дзень веласіпедысты змагаліся за званне чэмпіёна Беларусі ў гонцы-крытэрыуме. Жанчыны пераадольвалі 18 кругоў па дарогах Мышкавіч, мужчыны — 26. Кожны круг — 2,2 км. У веласіпедыстак найбольшую колькасць заліковых ачкоў набрала магіляўчанка Кацярына Баразна. Другое месца заняла Марына Занеўская з Гродзеншчыны.
Шмат сіл прыклала ў барацьбе за месца на п’едэстале гонару наша Вольга Масюковіч. І ёй такі ўдалося вырваць “бронзу”! Заўважым, другі год запар.
У мужчын зноў вызначыўся Яўген Гутаровіч, але ў гэты раз ён заваяваў чэмпіёнскае званне. Другім стаў Сяргей Папок з Мінска, а замкнуў тройку лідэраў Сяргей Арцімовіч з Гродна.
Варта адзначыць, што ўдзел у спаборніцтвах разам з маладымі спартсменамі прынялі і ветэраны веласпорту: ураджэнцы Мышкавіч Анатоль Бяляўскі і Уладзімір Скудны, а таксама Дзмітрый Чарвякоў з Віцебшчыны. Нягледзячы на ўзрост, яны паказалі, што знаходзяцца ў выдатнай спартыўнай форме.
У агульнакамандным заліку перамогу святкавалі веласіпедысты з Мінска, якім і быў уручаны пераходны кубак Мемарыялу з выявай К.П.Арлоўскага. Далей каманды размеркаваліся наступным чынам: Брэсцкая, Мінская, Гомельская, Магілёўская і Віцебская вобласці.
Пераможцы і прызёры атрымалі каштоўныя падарункі, прадастаўленыя праўленнем СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага, а таксама індывідуальным прадпрымальнікам Уладзімірам Іваніцкім, які ў свой час актыўна займаўся веласпортам. Госці ў чарговы раз адзначылі высокую арганізацыю спаборніцтваў, пільную работу супрацоўнікаў ДАІ, медслужбы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.