Не падводзіць маладзёжная «зборная»

У сельгасфіліяле “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт” крок за крокам хлебаробы абмалочваюць збожжавыя ўчасткі, збіраючы вырашчаны працай многіх людзей ураджай. Чакаўся ён большым, аднак пры сёлетніх пагодных умовах на мясцовых землях намалот нядрэнны: 25 цэнтнераў на круг. Лепшыя ўчасткі тут яшчэ не ўбіраліся, і можна меркаваць, што лічба павялічыцца.
На хлебных палях шчыруюць чатыры экіпажы збожжаўборачных камбайнаў. Яны — бадай, самыя адметныя ў раёне: амаль усе — маладзёжныя. Толькі адзін камбайнер па-сапраўднаму вопытны — Уладзімір Бабіцкі. Усе астатнія — маладыя хлопцы. Больш таго, для шасці з іх сёлетняе жніво — першае ў жыцці. Сапраўдная маладзёжная “зборная” на чале з вопытным капітанам… Аднак, нягледзячы на ўзрост, давер кіраўніцтва моладзь апраўдвае спаўна. І тэхнікай юнакі валодаюць выдатна, і хлеб убіраюць якасна. Аб’ектыў рэдакцыйнай фотакамеры заспеў маладых камбайнераў падчас абедзеннага перапынку на мехдвары гаспадаркі, куды экіпажы прывялі свае сталёвыя машыны пасля абмалоту чарговага поля каля вёскі Боркі. Знаёмцеся: Ілья Курнікаў, Ілья Малахаў, Максім Паўлоўскі, Валянцін Кароткі, Сяргей Юхнавец, Дзмітрый Гаўрылаў, Сяргей Гарулёў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.