Невырашальных пытанняў быць не павінна

У ліку зручных для насельніцтва аб’ектаў, якія ўваходзяць у інфраструктуру аграгарадка,— урачэбная амбулаторыя (тут маюцца кабінет урача, дзённы стацыянар, аптэка, пункт аховы здароўя, лабараторыя, працэдурны і фізіятэрапеўтычны кабінеты), аддзяленне №709/107 ААТ “ААБ “Беларусбанк”, комплексна-прыёмны пункт, пункт сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Адрамантаваны сярэдняя школа, дзіцячы садок.
На тэрыторыі аграгарадка шэсць магазінаў, у іх ліку тры камерцыйныя, кафэ “Легенда”.
На здымку: сённяшнія выхаванцы мясцовага дзіцячага садка — будучае аграгарадка!

Расказваючы пра аграгарадок Жылічы, нельга не нагадаць пра палаца-паркавы ансамбль канца ХVIII —пачатку ХIХ стагоддзяў, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. Каб захаваць яго для нашых нашчадкаў, тут вядуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. У лістападзе плануецца здача ў эксплуатацыю заходняй і паўночна-заходняй частак корпуса, дзе размесціцца дзіцячая школа мастацтваў.
На тэрыторыі аграгарадка працуе ўчастак УКП “Жылкамгас”, на абслугоўванні якога знаходзіцца 15 шматкватэрных жылых дамоў, водаправодныя сеткі, каналізацыйныя камунікацыі, цеплатраса. Работнікі прадпрыемства ўтрымліваюць тэрыторыю аграгарадка ў належным санітарным стане. Дапамагаюць ім у яе добраўпарадкаванні мясцовыя жыхары, выкладчыкі і навучэнцы сельгаскаледжа.
Ёсць у нас грамадская лазня, якая знаходзіцца на балансе сельгаскаледжа. Яе паслугамі сяльчане карыстаюцца кожную суботу. Толькі вось колькасць жадаючых памыцца тут чамусьці невялікая, таму лазня для каледжа — стратная.
Увесь час нас турбуе пытанне забеспячэння насельніцтва аграгарадка чыстай вадой. І мы займаемся яго вырашэннем. Ужо заказана і прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва станцыі абезжалезьвання вады, вызначаны падрадчык — ААТ “Кіраўсквадгас”. Зараз ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы. На гэтыя мэты выдзелена 140 мільёнаў рублёў.
Заклапочаны сельвыканкам таксама станам вуліцы імя Мічурына аграгарадка, якая патрабуе капітальнага рамонту. Гэтыя работы запланаваны на 2011—2015 гады.
Зразумела, што пытанні ў людзей па забеспячэнні ім належных умоў пражывання і працы заўсёды былі, ёсць і будуць. І мы імкнемся, каб яны былі вырашальнымі і не псавалі настрой нашым людзям.
Галіна ШЧУР,
старшыня Дабаснянскага
сельскага Савета дэпутатаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.