Патрабуюцца ветурачы і заатэхнікі

Сёлетняя ўступная кампанія — у разгары. Многія з выпускнікоў ужо вызначыліся са сваёй будучай дзейнасцю. Аднак частка з іх і дагэтуль знаходзіцца ў разгубленасці: куды падаць дакументы, каб потым было дзе працаўладкавацца? Магчыма, наша інтэрв’ю з галоўным спецыялістам-юрыстам па падрыхтоўцы кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вольгай Жвырблеўскай дапаможа камусьці з юнакоў і дзяўчат зрабіць свой выбар.
— Вольга Мікалаеўна, паведаміце, калі ласка, нашым чытачам, якія спецыяльнасці карыстаюцца попытам у сельскагаспадарчай сферы раёна?
— Зараз сельгасарганізацыі маюць вострую патрэбу ў ветурачах і заатэхніках, ветфельчарах. Нарыклад, у мінулым годзе ў раён прыбыў ўсяго толькі 1 ветэрынарны ўрач з вышэйшай адукацыяй, аднак у хуткім часе ён звольніўся. Падобная сітуацыя і з заатэхнікамі. Праўда, сёлета ў раён накіраваны 2 спецыялісты гэтай сферы дзейнасці з вышэйшай адукацыяй і 1 — з сярэднеспецыяльнай. Будзем спадзявацца, што яны не толькі пачнуць, але і прадоўжаць свой прафесійны шлях на Кіраўшчыне.
Больш за ўсё ў раён накіроўваюць пачынаючых аграномаў: летась — 16, 12 з якіх працуюць і дагэтуль. Шмат да нас прыязджае механікаў: летась — 12, сёлета накіравана 8.
— А ў якіх гаспадарках больш за ўсё маладых спецыялістаў?
— Штогод увосень сельгасарганізацыі даюць у наша ўпраўленне заяўкі аб спецыялістах, у якіх маюць патрэбу. Гэтыя дадзеныя мы накіроўваем у аблсельгасхарч, адкуль яны паступаюць у навучальныя ўстановы.
З 61 маладога спецыяліста з вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, якія працаўладкаваны ў нашым раёне ў мінулым годзе, 21 быў накіраваны ў СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага.
Актыўна прымае на работу маладых спецыялістаў райаграпрамтэхзабеспячэнне. За апошнія 5 год тут уладкаваўся і добрасумленна працуе 21 малады работнік са 103 (агульная лічба па раёне за гэты перыяд).
— Выпускнікі якіх навучальных устаноў у асноўным працаўладкоўваюцца на Кіраўшчыне?
— Да нас прыязджаюць выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Спецыялісты сярэдняга звяна — выпускнікі Жыліцкага, Клімавіцкага, Клічаўскага сельгаскаледжаў. Іншагароднім абавязкова прадастаўляецца жыллё.
— Што трэба маладому чалавеку, каб атрымаць ад вашага ўпраўлення мэтавае накіраванне на навучанне?
— Мэтавы дагавор на навучанне і далейшае працаўладкаванне жадаючыя юнакі і дзяўчаты могуць заключаць не толькі з нашым упраўленнем, але і неспарэдна з гаспадаркай, у якой мяркуюць потым працаваць. Каб заключыць яго, трэба мець у атэстаце адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за 5 балаў і пражываць у сельскай мясцовасці, да якой належыць і наш райцэнтр, не менш за 5 год.
— Ну, і пытанне, якое, не можа не хваляваць пачынаючых спецыялістаў: колькі прыкладна зарабляе моладзь у сельскай гаспадарцы?
— Сярэдняя зарплата галоўных маладых спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, складае ў сярэднім ад 850 тыс. да 1 млн. рублёў. Спецыялісты сярэдняга звяна зарабляюць прыкладна 650 — 850 тыс. рублёў.
Інтэрв’ю ўзяла
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.