Пра новы рынак і аўтастаянкі

Шэраг жыхароў райцэнтра звярнуўся ў рэдакцыю газеты з аднолькавымі пытаннямі: чаму гандлёвыя палаткі і кіёскі перанеслі з тэрыторыі гарадскога рынку, што там плануецца зрабіць, ці пачне зноў на тым жа месцы дзейнічаць рынак і калі?
Адказы на ўсе пытанні “раёнцы” прадаставілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама.

Неабходнасць добраўпарадкаваць гарадскі рынак з’явілася ўжо даўно. Паступова яна ператварылася ў вострую неабходнасць: умовы гандлю ўжо практычна не адпавядалі санітарным нормам і патрабаванням. Па гэтай прычыне гаспадарам гандлёвых кропак немагчыма было забяспечыць належны асартымент харчовых тавараў.
З мэтай паляпшэння абслугоўвання жыхароў і гасцей райцэнтра па ініцыятыве індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на тэрыторыі рынку, і было прынята рашэнне яго добраўпарадкаваць.
За кошт прадпрымальнікаў плануецца пабудаваць павільёны, аснашчаныя сучасным гандлёвым абсталяваннем, са святлом, ацяпленнем, па неабходнасці — водаправодам. У залежнасці ад плануемага асартыменту тавараў (дарэчы, рэканструкцыя рынка, безумоўна, дазволіць яго павялічыць), вагаецца і плошча будучых павільёнаў: ад 14 да 40 кв. метраў.
Будаўніцтвам будзе займацца сталічная фірма “Белерма”. З ліку прадпрымальнікаў створана ініцыятыўная група, якая вывучала прапановы яшчэ некалькіх фірм з Мінска і Магілёва. Ацаніўшы якасць будматэрыялаў і іх кошт, яна спыніла свой выбар менавіта на гэтай фірме.
Уладкавацца на новым месцы работы гаспадары гандлёвых кропак плануюць у максімальна кароткія тэрміны, магчыма, увосень.
Тым індывідуальным прадпрымальнікам, якія не мяркуюць будаваць павільёны, будзе прадастаўлена плошча для гандлю ў раёне вул.Церашковай райцэнтра. Аднак, па разліках, на тэрыторыі абноўленага рынку яшчэ застаюцца свабодныя плошчы, на якіх можна пабудаваць павільёны.
Некаторыя бацькі запытваюць: дзе ж цяпер будзе размяшчацца “школьны базар”, на месцы якога зараз — кіёскі?
Далёка адносіць гандаль школьнымі таварамі не будуць. Базар размесціцца перад будынкам магазіна “Універмаг” па вул. Кірава.
А вось вадзіцеляў больш хвалюе пытанне, куды паркаваць свае аўтамабілі, бо на дзвюх стаянках — ля “Універмага” і па вул.Камсамольскай зараз размясціліся кіёскі і палаткі, вядзецца гандаль?
За каментарыямі “раёнка” звярнулася да старшага інспектара АДАІ РАУС Аляксандра Кавалёва:
— На ўчастку па вул. Камсамольскай, дзе зараз знаходзяцца гандлёвыя палаткі, устаноўлены дарожныя знакі “Рух забаронены” з часовым абмежаваннем. Вечарам, калі гандаль будзе спынены, тут рух свабодны. Прыпаркаваць свае транспартныя сродкі вадзіцелі могуць ля будынка Цэнтра банкаўскіх паслуг ААБ “Беларусбанк”, па вул. Камсамольскай да перакрыжавання з вул.Пушкінскай, а таксама па вул.Кірава: ад вул.К.Маркса да перакрыжавання з вул. Камсамольскай.
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі кантралююць выкананне Правілаў дарожнага руху, прадугледжаныя ўстаноўленымі тут знакамі. За парушэнне вадзіцелі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам у памерах ад 1 да 5 базавых велічынь.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.