Радзіма мая дарагая, красуйся і ў шчасці жыві!

66 год аддзяляюць нас ад таго дня, калі люты вораг быў канчаткова выгнаны з беларускай зямлі, вызвалена сталіца нашай краіны. І глыбока сімвалічна, што менавіта 3 ліпеня адзначаецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь: такое рашэнне было прынята на Усенародным рэферэндуме і прадыктавана непадзельнасцю для кожнага беларуса такіх паняццяў, як свабода і незалежнасць! Памяць аб перажытым, аб мужнасці і стойкасці народа, які выстаяў у той вайне, бясконцая ўдзячнасць ветэранам надае нам, сучаснікам, мудрасці і светаразумення, падказвае, як пераадольваць цяжкасці, атрымліваць урокі са складаных сітуацый, а ў выніку — перамагаць!
У Кіраўску святочныя ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаліся з урачыста-жалобнага мітынгу, які традыцыйна праходзіць ля магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у ім прынялі ветэраны вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і навучальных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Ён адзначыў: «Ужо тры пакаленні беларусаў нарадзіліся пад мірным небам, але дзень вызвалення па-ранейшаму застаецца для кожнага з нас нягаснучым сімвалам мужнасці і вяршэнства справядлівасці.
Кіраўчане не забудуць сваіх герояў. За праяўленыя мужнасць, гераізм і адвагу ў гады вайны 6 ураджэнцаў Кіраўшчыны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Навечна застануцца ў памяці імёны воінаў Чырвонай Арміі, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза за подзвігі, здзейсненыя пры вызваленні нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: гэта Сцяпан Авяр’янаў, Мікалай Кліменка, Фёдар Стралец, Аляксандр Чарныш, Аляксандр Шомін.»
66 год мірнага жыцця прынеслі сваіх герояў. Навейшая гісторыя папоўнілася шэрагам дастойных працоўных заслуг жыхароў і працоўных калектываў раёна.Так, па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за мінулы год СВК “Чырвоны баец” заняў другое месца сярод арганізацый АПК і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару; першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі заняў калектыў райветстанцыі, а сярод пераможцаў — нашы землякі: Г.С.Аляксеева, П.М.Сурыновіч, Н.В.Вяроўкіна, С.Д.Маслаў, Т.І.Пацёмкіна, Т.А.Гаўрылава. Пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па выніках работы за 2009 год стала раённая інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, абласнога — раённая пракуратура, галіна культуры раёна.
Далей увага прысутных была з’акцэнтавана на тых планах і задачах, якія сёння стаяць перад працоўнымі раёна. “Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе, — адзначыў старшыня райвыканкама, — усяляюць упэўненасць у выкананні важнейшых параметраў прагнозу на 2010 год і пяцігадовага плана развіцця раёна.”
На працягу 5 год рэалізуецца Праграма адра-джэння і развіцця вёскі: пераўтвораны ў аграгарадкі 9 населеных пунктаў, тут створаны камфортныя ўмовы для працы і адпачынку сяльчан. А сёлета да іх ліку далучыцца і Скрыпліца. За 5 год на рэалізацыю мерапрыемстваў Праграмы адраджэння і развіцця вёскі накіравана больш за 470 млрд. рублёў. Станоўчым вынікам гэтай работы з’яўляецца рост аб’ёмаў сельгасвытворчасці. Набірае тэмпы і жыллёвае будаўніцтва: штогод у эксплуатацыю ўводзіцца ад 7 да 10 тыс.м2 жылля. Толькі за апошнія тры гады ў сельскай мясцовасці для работнікаў сельгасарганізацый пабудавана 122 жылыя дамы, у Кіраўску ўведзены ў эксплуатацыю 3 жыллёва-будаўнічыя кааператывы.
З мэтай занятасці насельніцтва толькі за перыяд з 2008 па 2010 гады створана 500 працоўных месц.
У раёне назіраецца ўстойлівая станоўчая тэндэнцыя па павышэнні заработнай платы: за апошнія 3 гады тэмп яе росту склаў амаль 160%.
У.У.Піскіжаў шчыра павіншаваў удзельнікаў мітынгу са святам. Асаблівыя віншаванні і пажаданні выказаў у адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Ад імя пакалення, на чый лёс выпала перажыць ваеннае ліхалецце, да прысутных звярнулася ветэран Вялікай Айчыннай вайны Л.І.Манько; абяцанне быць дастойнымі памяці загінуўшых, прымнажаць здабыткі старэйшага пакалення, ветэранаў, любіць і ўмацоўваць родную Беларусь ад імя моладзі Кіраўшчыны дала вучаніца 9 класа СШ№1 райцэнтра Настасся Максіменка.
Да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі і кветкі, прагучаў ваенны салют, памяць загінуўшых прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання.
Пасля заканчэння мітынгу святочныя калоны, на чале якіх быў ганаровы эскорт з аўтамабіляў «Волга», у якіх ехалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, пад гукі духавога аркестра РДК “Фанфары Кіраўска” прашэствавалі па галоўнай вуліцы райцэнтра да гарадскога стадыёна, дзе праходзілі далейшыя святочныя мерапрыемствы.
Маршрут урачыстага шэсця прадоўжыўся па святочна ўпрыгожаным стадыёне.
Пасля эскорту аўтамабіляў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія затым занялі пачэсныя месцы на трыбуне, калон афіцэраў і салдат дзеючай арміі Рэспублікі Беларусь, прайшоў парадны разлік супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. За імі ў суправаджэнні дзяўчат у нацыянальных касцюмах з каласамі збажыны ў руках крочылі тыя, хто корміць нас духмяным караваем і поіць смачным малаком — старшыні і працаўнікі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў.
Эстафету святочнага маршу прынялі пераможцы леташняга раённага спаборніцтва сярод арганізацый прамысловасці — калектыў камбіната кааператыўнай прамысловасці. Прадукцыя, вырабленая іх рукамі, не раз удастойвалася сярэбраных і бронзавых медалёў на рэспубліканскіх конкурсах.
За імі крочылі лідэры раённага спаборніцтва ў намінацыі “Будаўніцтва” — дэлегацыя працоўнага калектыву ААТ “Кіраўсквадгас”.
Прадстаўнікі ПМК-255 таксама занялі сваё пачэснае месца ва ўрачыстым маршы. Калектыў актыўна будуе жыллё ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, хуткімі тэмпамі ўзводзіць шматпавярхоўкі ў Кіраўску.
Далей крочылі кіраўніцтва і лепшыя работнікі райаграпрамтэхзабеспячэння, УКП «Бытпаслугі».
Цёпла віталі гледачы на трыбунах дэлегацыі аўтапарка №14, затым — цэнтральнай раённай бальніцы.
Добрымі працоўнымі дасягненнямі сустрэлі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь калектывы ДРБУ-197, “Жылкамгаса”, “Кіраўск-Лён”, кансервавага завода, раённых вузлоў электрычнай і паштовай сувязі, “Кіраўскрамбуда”, райспажыўтаварыства, раёна газазабеспячэння, дэлегацыі якіх таксама крочылі ў саставе ўрачыста-святочнага маршу.
Значны ўклад у развіццё сфер жыццядзейнасці раёна ўносяць грамадскія аб’яднанні і арганізацыі. Адзін за адным эстафету шэсця прымалі дэлегацыі раённый арганізацый ГА “Беларускі саюз жанчын”, грамадска-палітычнага аб’яднання “Белая Русь”, ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, прафсаюзных арганізацый.
У прыўзнятым настроі за імі крочылі прадстаўнікі падрастаючага пакалення: вучні СШ №1, гімназіі, Мышкавіцкай СШ, юныя спартсмены, прызёры конкурсаў і алімпіяд, піянеры, прадстаўнікі ГА “БРСМ”. Пачэснае месца ва ўрачыстым маршы занялі каманда “Зорка” Паўлавіцкай СШ, якая сёлета стала другой на абласным этапе спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”; атрад “ЮІР” Дабаснянскай СШ — двухразовы пераможца раённага агляду-конкурсу юных інспектароў дарожнага руху.
Затым эстафету прынялі навучэнцы і выкладчыкі ліцэя №15 і Жыліцкага сельгаскаледжа.
Удзел у святочным шэсці прымалі таксама выхаванкі студыі стылю і моды “Гламур” Цэнтра пазашкольнай работы.
Пад гукі баянаў і вясёлыя прыпеўкі па стадыёне прайшліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Мышкавіч, Добасны, Барчыц, Баравіцы, Стаек, Казуліч.
Завяршылі святочнае шэсце выхаванцы Кіраўскай і Жыліцкай школ мастацтваў, спартсмены і трэнеры дзіцячай юнацка-спартыўнай школы.
Жыхары і госці райцэнтра з трыбун стадыёна віталі ўдзельнікаў урачыста-святочнага маршу. А яны,у сваю чаргу, дарылі ім задаволеныя ўсмешкі, махалі рукамі, уздымалі ўвысь паветраныя шары, сімвалічныя флажкі. Гэта яшчэ больш узнімала настрой удзельнікаў свята, святочнасцю і яскравасцю напаўняла пануючую наўкол атмасферу.
Адразу ж па вул.Савецкай распачаўся парад машын сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэтае відовішча па-сапраўднаму ўразіла гледачоў. Магутныя камбайны, трактары і іншыя сельскагаспадарчыя машыны, якія шпарка рухаліся ўздоўж стадыёна, многія параўноўвалі з ваеннай тэхнікай, гатовай у любую мінуту стаць на ахову рубяжоў нашай дзяржавы.
Пасля параду сельгастэхнікі адбылося тэатра-лізаванае прадстаўленне “Са святам, Беларусь!”.
Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны вершамі і кветкамі павіншавалі садкоўцы райцэнтра.
Па традыцыі, падчас святкавання ў раёне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ушаноўваюць будучых абаронцаў Айчыны — прызыўнікоў у рады Узброеных Сіл, а таксама маладыя пары, аб’яднаўшыя сябе вузамі Гіменея; нованароджаных. Не стаў выключэннем і сёлетні год.
Наказы прызыўнікам далі ваенны камісар, падпалкоўнік С.І.Паддубны, маці аднаго з юнакоў З.М.Бараноўская. Ад імя прызыўнікоў слова трымаў Васіль Каляснёў.
Народны абрад ушанавання маладажонаў з абсыпаннем іх зернем, манетамі і цукеркамі, а таксама пажаданнямі шчасця і сямейнага дабрабыту дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах выканалі для Андрэя і Раісы Болбат, Сяргея і Алены Васілеўскіх.
Імправізаваныя Бусел і Капуста разам з казачнымі персанажамі павіншавалі са з’яўленнем на свет жыхароў Кіраўшчыны Стэфанію Аўсянік і Станіслава Салянкіна, а іх бацькам уручылі сувеніры.
Напрыканцы тэатралізаванага прадстаўлення ў блакітнае, залітае сонечным святлом неба ўзняліся гронкі рознакаляровых паветраных шароў. Вочы святкуючых у гэты момант былі прасякнуты шчасцем, напоўнены шчырай радасцю і надзеяй на тое, што заўжды ў небе над нашай мірнай і працвітаючай Беларуссю будуць лунаць толькі птушкі і вось такія каляровыя шарыкі.
Пасля на стадыёне пачалося фізкультурна-спартыўнае свята (аб гэтым — ў наступным нумары).
С вяточныя мерапрыемствы працягваліся і ўвечары. На імправізаванай сцэне перад адміністрацыйным будынкам райвыканкама адбыўся канцэрт. На вялікім экране, устаноўленым тут жа, гледачы мелі магчымасць паглядзець фільм аб Кіраўшчыне: дзеянне ішло пачынаючы з гадоў ваеннага ліхалецця да сённяшніх дзён. У многіх замірала сэрца, калі дэманстраваліся кадры будынкаў і вуліц райцэнтра многіх гадоў таму.
А далей на экране было прамое ўключэнне з Мінска, дзе каля стелы «Мінск — горад-герой» Ішлі ўрачыстасці, у якіх прымаў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка, і кіраўчане дзякуючы гэтаму тэлемасту, разам з жыхарамі сталіцы і ўсёй краіны прынялі ўдзел у акцыі “Спяем Гімн разам!”, узнёсла і ўрачыста выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Далей вячэрні небасхіл расквецілі рознакаляровыя агні святочнага фейерверка — гэты падарунак зрабілі гараджанам і гасцям індывідуальныя прадпрымальнікі райцэнтра, за што ім вялікая ўдзячнасць ад раённай улады і ўсіх жыхароў!
Таццяна МАІСЕЕНКА,
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ,
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.