Рыбалка ў Чыгірынкі

Па ўсяму бачна, Кіраўшчына становіцца рыбалоўнай сталіцай: ля дамбы Чыгірынскага вадасховішча ўжо неаднаразова праводзіліся спаборніцтвы рыбаловаў-спартсменаў абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў. А ў мінулым годзе наш раён выступіў ініцыятарам правядзення ў фармаце паралельных мерапрыемстваў спаборніцтва рыбаловаў-аматараў. І ад гэтага новаўвядзення не адышоў сёлета, нават пашырыў праграму мерапрыемстваў і кола ўдзельнікаў. Калі ў мінулыя выхадныя ў раёне ГЭС праходзіў 2-гі этап чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўнай лоўлі рыбы паплавочнай вудай, паралельна яму адбыліся спаборніцтвы рыбаловаў-аматараў нашага раёна і Магілёўскай вобласці, а таксама першынство раёна па плаванні сярод прадстаўнікоў сельскіх Саветаў дэпутатаў і арганізацый.
На здымку: старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў уручае заслужаныя ўзнагароды пераможцам спаборніцтваў рыбаловаў-аматараў, сярод якіх былі прадстаўнікі не толькі г.Кіраўска, але і г.Мінска, Магілёва.

На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, вітаючы іх удзельнікаў, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў выказаў задавальненне, што яны ператварыліся ў сапраўднае свята здаровага ладу жыцця, і яно становіцца ўсё больш папулярным сярод насельніцтва, аб чым сведчыць узросшая колькасць удзельнікаў і балельшчыкаў. Выканаўчая ўлада, адзначыў старшыня райвыканкама, адпаведныя службы раёна дзеля таго, каб дні спаборніцтваў не сталі для рыбаловаў-спартсменаў, прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі, проста руціннай работай, пастараліся арганізаваць для іх і ўсіх іншых насычаны і цікавы адпачынак для душы.
Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Яраслаў Ціхановіч выказаў удзячнасць за тое, што кіраўніцтва раёна з разуменнем і падтрымкай ставіцца да правядзення спаборніцтваў, у выніку шырыцца кола тых, хто займаецца спартыўнай лоўляй рыбы. Ён пажадаў, каб спякотнае надвор’е толькі надало запалу ў барацьбе за першынство як сярод прафесіяналаў, так і аматараў. Прагучала пажаданне: “Ні хваста, ні лускі!”
Удачы на спаборніцтвах і добрага адпачынку пажадала ўдзельнікам намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова.
33 сектары, вызначаныя ўздоўж дамбы, былі заняты рыбаловамі-спартсменамі, 38 — аматарамі.
Улічваючы надвор’е і шчырае жаданне ўдзельнікаў перамагчы, барацьба ля вадаёма сапраўды была гарачай.
Пакуль рыбаловы –аматары шукалі ўдачу на Чыгірынскім вадасховішчы, 9 каманд арганізацый, сельскіх Саветаў дэпутатаў накіраваліся да возера ў Нямках, якое для правядзення першынства раёна па плаванні было прадастаўлена кіраўніцтвам СГФ “Чыгірынка”. Трэба было бачыць, з якім азартам і спартыўным настроем пераадольвалі плаўцы ўсіх узроставых катэгорый дыстанцыю! Дружныя каманды раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзела адукацыі райвыканкама, РАУС, сельскіх Саветаў і іншыя хварэлі адзін за аднаго і з запалам падтрымлівалі кожнага чарговага плаўца.
А далей, пакуль рыбаловы-спартсмены, згодна рэгламенту чэмпіянату, працягвалі лоўлю, затым узважвалі ўлоў, нашы каманды аддаліся адпачынку на пляжы і вадаёме.
Бліжэй да вечара пачалася разнастайная і насычаная культурная праграма свята. Ва ўрачыстых абставінах адбылося ўзнагароджванне пераможцаў спаборніцтваў рыбаловаў-аматараў і плаўцоў. Дыпломы, прызы, і грашовыя прэміі ўручаўстаршыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Сярод рыбаловаў-аматараў першынстваваў Ігар Шубадзёраў з г.Магілёва, на другім месцы — Канстанцін Васковіч з г.Мінска, на трэцім — мясцовы ўдзельнік Канстан-цін Фрэйберг. Самую буйную рыбу ў 230 г злавіў Фёдар Жураўскі, малую (2 грамы) — зноў жа Ігар Шубадзёраў.
У камандным заліку па плаванні першае месца заняла каманда Мышкавіцкага сельсавета, другое — раённага аддзела ўнутраных спраў, трэцяе — Стайкаўскага сельсавета. У індывідуальным заліку (па ўзроставых катэгорыях) лепш іншых сярод жанчын пераадолелі дыстанцыю Надзея Заварніцына (Скрыпліцкі с/С), Ганна Бяляўская (ФСК), Галіна Ярома (Стайкаўскі с/С), Святлана Рублеўская (раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), Вольга Гаршкова, якая выступала за Мышкавіцкі сельсавет, сярод мужчын — Андрэй Марцючэнка (Мышкавіцкі с/С), Сяргей Лыбзікаў (РАУС), Сяргей Лянкевіч (Мышкавіцкі с/С), Уладзімір Цішкоў (Дабаснянскі с/С), Уладзімір Пракопчык (Дабаснянскі с/С).
Свята спорту і здаровага ладу жыцця працягвалася. Гледачоў, а іх ля прыгожа і цікава аформленай намаганнямі работнікаў аддзела культуры райвыканкама сцэны сабралася вельмі шмат — і мясцовых жыхароў, і прыезжых з Кіраўска, іншых гарадоў — радавалі яркімі музычнымі нумарамі самадзейныя артысты нашага раёна, а таксама г.Бабруйска, Асіповіч, Глуска, Клічава.
Яркімі, каларытнымі кампазіцыямі ўзнімаў настрой танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам Веры Даноўскай. З задавальненнем і захапленнем сачылі ўсе за ходам вясёлага тэатралізаванага прадстаўлення з казачнымі персанажамі, увасобленымі самадзейнымі артыстамі сельскіх устаноў культуры Стаек, Добасны, Скачка, Скрыпліцы. А колькі задавальнення і радасці было ў дзятвы, калі плёскалася ва ўстаноўленым тут жа ДЮСШ невялікім басейне! Калі ж работнікі РДК наладзілі конкурс “Лавіся, рыбка!” і іншыя, у свята «акунуліся» і самыя заўзятыя песімісты.
Спонсарамі правядзення мерапрыемстваў па выхаванні здаровага ладу жыцця выступілі раённыя арганізацыі “Белая Русь” і Фонду міру, прадставіўшы сродкі для прызоў удзельнікам .
Побач былі разгорнуты гандлёвыя рады. Суботнім вечарам, пераходзячым у ноч, яшчэ доўга паветра над вадасховішчам напаўнялі музыка, смех і вясёлыя галасы…
Наталля ХАДАКОВА. Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.