Смачным будзе хлеб, здабыты сялянскай рукой…

Хлебаробы СВК “Калгас “Ніва” аднымі з першых у раёне прыступілі да ўборкі збожжавых культур. З хлебных ніў у сельскагаспадарчыя засекі працаўнікі засыпалі 78 т азімага ячменю. Дарэчы, на палях гаспадаркі гэтая культура з’явілася толькі сёлета. Яе сяўба — пробная:
— Азімым ячменем было засеяна 20 га палеткаў, — гаворыць старшыня гаспадаркі Іван Рыняк. — Сяўба гэтай культуры для нашай гаспадаркі эксперэментальная. Ужо зараз можна адзначыць, што вынікамі ўраджаю мы задаволены. Таму на наступны год плануем засеяць 100 га.

Вядома, пры вырошчванні азімага ячменю ёсць свае “мінусы”. Напрыклад, ураджайнасць не такая вялікая, як у пшаніцы альбо трыцікале; культура даволі патрабавальная да глебы, да ўмоў вырошчвання. Аднак ячмень — добры папярэднік для сяўбы азімага рапсу. Акрамя таго, гэтую культуру ўбіралі першай са збожжавых: абкаталі камбайны, праверылі гатоўнасць да работы зернетакоў, каб распачаць уборку хлеба на ўсю моц.
Не так задаволілі ніваўскіх земляробаў вынікі ўборкі азімага рапсу. З гектара намалочвалі па 24 ц, а планавалі — па 40. Іван Уладзіміравіч такі рэзультат звязвае з неспрыяльнымі ўмовамі зімоўкі гэтай культуры, веснавога развіцця.
Аднак адчвайцца працаўнікам няма часу! Наперадзе — шмат напружанай работы, ад вынікаў якой залежыць будучы дабрабыт гаспадаркі. Ніваўцы прыступілі да ўборкі азімай пшаніцы.
Да сёлетняга жніва машынны парк гаспадаркі папоўніўся новым камбайнам айчыннай вытворчасці з павышанай праходнасцю — гомельскім “Палессем” КЗС-10. Новую тэхніку даверылі вопытнаму экіпажу Уладзі-міра Лукановіча і Васіля Мялешкіна. Менавіта гэтыя механізатары на сваім новым камбайне намалацілі першы ў гаспадарцы бункер збожжа. Яны і летась былі ў ліку перадавікоў. Да 1000-га намалоту не “дацягнулі” усяго толькі 60 т. Сёлета на новай машыне працаўнікі спадзяюцца перакрочыць запаветны рубеж.
— Наогул, — адзначае Іван Уладзіміравіч, — усе, занятыя на жніве, — з максімальнай адказнасцю і сумленнасцю ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. Нават не магу вылучыць лепшых нашых камбайнераў: кожны з іх дастойны павагі і ўдзячнасці за сваю высакародную справу. Гэта Аляксандр Петранкоў і Міхаіл Котаў, Генадзь Кайданаў і Аляксей Макаронак, Аляксей Бандарэнка і два Васілі Белаглазавы.
Добрасумленная праца заслугоўвае адпаведнага клопату. Як і належыць, механізатары забяспечаны спецвопраткай. Два разы ў дзень іх кормяць гарачымі абедамі, якія набываюць у райаграпрамтэхзабеспячэнні. А да новых працоўных поспехаў нат-хняе раённае і ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, па выніках якога заняўшыя тры першыя месцы атрымаюць грашовыя прэміі.
Няхай справы ў хлебаробаў ладзяцца найлепшым чынам!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.