Суквецце нацый, карагод сяброў!

У восьмы раз суседні Бабруйск стаў сталіцай Міжнароднага фестывалю народнага мастацтва “Вянок дружбы”. Сюды зноў прыехалі таленты з Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа, каб прыняць удзел у вялікім свяце дружбы і братэрства народаў. З кожным годам фестываль прыцягвае усё новыя творчыя сілы, збірае прадстаўнікоў многіх народаў, нацыянальнасцей, веравызнання, верных сяброў, чые музыка і песні збліжаюць і аб’ядноўваюць, сціраючы моўныя межы.
На здымку: гасцінна сустрэлі кіраўчане іранскіх і польскіх гасцей, уручыўшы ім духмяныя караваі ў знак дружбы і братэрства.

Сёлета над галоўнай фестывальнай пляцоўкай — “Бабруйск-Арэнай” лунаюць флагі 11-ці дзяржаў — менавіта столькі калектываў прыбыло на свята, а гэта каля пяцісот удзельнікаў: з Расіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Латвіі, Эстоніі, Турцыі, Ірана, Польшчы, Балгарыі і, зразумела, нашай роднай Беларусі.
І што самае цудоўнае, фестываль штогод расшырае свае межы, дае магчымасць як мага большай колькасці гледачоў пазнаёміцца з самабытным народным мастацтвам розных краін: адбываюцца творчыя сустрэчы, мастацкія калектывы прадстаўляюць свае канцэртныя праграмы ў розных населеных пунктах Магілёўшчыны, у тым ліку і ў нашым раёне.
Знаёмства з культурай іншага народа — гэта заўжды свята. А калі ўвазе гледачоў прадстаўляюцца традыцыі, элементы нацыянальнай самабытнасці многіх народаў, яно ператвараецца ў масштабную ўрачыстасць.
Мелодыі «Вянка дружбы» шмат год запар, традыцыйна ў чэрвені, разносяцца па ўсёй Магілёўскай вобласці.
Сёлета ўпершыню на “Вянок дружбы” завіталі інструментальны калектыў “Авіндар” Ісламскай Рэспублікі Іран і польскі ансамбль “Распяваны гарадок” Падляскага ваяводства г.Грудск. З канцэртнымі праграмамі гэтыя калектывы наведалі Кіраўшчыну.
Сустрэча гасцей, сярод якіх быў саветнік па культуры пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Ібрагім Шафіі, адбылася ля раённага Дома культуры. У знак павагі, з пажаданнямі дабрабыту дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах уручылі ім наш кіраўскі духмяны каравай.
Пасля экскурсіі па Дому культуры і цэнтральнай бібліятэцы, супрацоўнікам якой спадар Шафіі падарыў кнігі аб Іране з вершамі знакамітага іранскага паэта Амара Хайяма, артысты накіраваліся да пляцовак сваіх выступленняў: “Распяваны гарадок” — у а/г Паўлавічы, “Авіндар” — у а/г Любонічы.
Жыхары Паўлавіч цёпла сустракалі польскі аматарскі калектыў “Распяваны гарадок”. Ён існуе на працягу 56-ці год, 17 з якіх ім кіруе Віктар Маланчык. Цікава, што ўдзельнікамі ансамбля з’яўляюцца этнічныя беларусы. Таму большую частку канцэртнай праграмы, якая праходзіла на сцэне мясцовага Цэнтра культуры, гучалі беларускія народныя песні, музычныя кампазіцыі менавіта беларускіх аўтараў. Спявалі самадзейныя артысты і на польскай мове.
Шмат станоўчых эмоцый падарылі жыхарам Любоніч госці з Ірана. З першых хвілін выступлення інструментальнай групы “Авіндар” (што ў перакладзе з курдскай мовы азначае “закаханы”) глядзельная зала мясцовага сельскага Дома культуры ператварылася ў адзін з куточкаў далёкай ісламскай краіны. Удзельнікі калектыву, які быў створаны ў 2006 годзе ў Мінску пры пасольстве Ісламскай Рэспублікі Іран, ігралі на традыцыйных інструментах. Асновай канцэртнай праграмы сталі музычаныя кампазіцыі, выкананыя на барабанах. У рэпертуары выступленняў гучалі курдскія і персідскія народныя песні.
Гледачы так былі прасякнуты духам іранскага фальклору, што не ўтрымаліся ад магчымасці патанцаваць пад рытмы музыкі. У знак удзячнасці артысты атрымалі шквал авацый і кветак.
Добрыя словы ў адрас гасцей выказалі в.а. старшыні Любоніцкага сельвыканкама В.В.Маркевіч і намеснік па ідэалагічнай рабоце дырэктара райаграпрамтэхзабеспячэння Н.І.Гушчына і ўручылі на памяць сувеніры.
Кіраўнік і творчы натхніцель “Авіндара”, кампазітар Масуд Талебані адзначыў, што ўдзельнікі групы прыемна ўражаны цёплым прыёмам, і ім хацелася б трапіць сюды зноў.
Наталля ХАДАКОВА,
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.