У добры шлях, жніво-2010!

У мінулую пятніцу на мехдвары райаграпрамтэхзабеспячэння адбыліся ўрачыстыя праводзіны ў поле першых уборачных экіпажаў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы намалочанага ўраджаю-2010.
Здаецца, зусім нядаўна земляробы рыхтавалі тэхніку, каб араць пасяўныя плошчы, засейваць іх, а вось зараз ужо распачынаюць галоўную сельскагаспадарчую кампанію — уборку ўраджаю.
У святочнай атмасферы, пад заўзятыя гукі беларускіх народных песень калектыў райаграпрамтэхзабеспячэння сустракаў сваіх герояў і надзею на будучыя працоўныя поспехі — механізатараў і вадзіцеляў, занятых на сёлетнім жніве. Добрым словам, з пажаданнямі здароўя, энергіі, аптымізму і спрыяльнагага надвор’я працаўнікоў віталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Ставер, галоўныя спецыялісты і, безумоўна, кіраўнік арганізацыі Аляксандр Гіраеўскі.
— Сёлета ў поле, — адзначыў Аляксандр Іванавіч у размове з намі, — мы адпраўляем 11 збожжаўборачных экіпажаў. Сярод іх ёсць і сямейны: Уладзімір Комар, наш лепшы камбайнер, будзе працаваць разам з сынам Дзмітрыем. Першым пачынаем убіраць рапс, сёлета, як і летась, ім засеяна 400 га плошчаў. У мінулым годзе намалацілі 800 тон гэтай культуры, цяпер плануем дайсці да 1000. Спадзяемся, гэтаму будзе спрыяць і надвор’е, і асноўнае, баявы працоўны настрой земляробаў. На ўборцы рапсу задзейнічаны 6 экіпажаў. Для паляпшэння якасці правядзення ўборачнай кампаніі набылі новы камбайн КЗС-12.
Яшчэ ў глыбокім мінулым жняцоў, якія ішлі ў поле, пастар царквы акрапляў святой вадой. Прытрымліваючыся гэтай традыцыі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма, іерэй Дзмітрый Первій акрапіў збожжаўборачныя машыны і экіпажы, папрасіў Бога дараваць дапамогу і ласку хлебаробскай працы — самай высакароднай справе ў свеце.
Культработнікі натхнілі земляробаў на плённую працу музычнымі падарункамі.
Няхай жа зажыначныя сцежкі і дарожкі прывядуць калектыў райаграпрамтэхзабеспячэння на рэспубліканскія “Дажынкі”!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.