Выбачайце за нязручнасці!

У рэдакцыю “раёнкі” звярнулася М.У.Пятруша з в.Курганы. Яна паведаміла, што 1 — 2 разы на тыдні ў іх населеным пункце адключаюць электрычнасць для таго, каб абразаць дрэвы. Жыхары застаюцца без святла, тэлебачання, размарожваюцца халадзільнікі. Пры абрэзцы дрэў абрываюцца правады радыёсувязі.
За каментарыямі мы звярнуліся ў раён электрасетак. Галоўны інжынер В.С.Ваганаў адказаў: “Сапраўды, у в.Курганы ў чэрвені бягучага года праводзіўся планавы рамонт паветранай лініі 0,4 кВ. Адключалася паветраная лінія 10 кВ №588 для замены КТП-369 у а/г Любонічы. У сувязі з гэтым спажыўцам з Курганоў 8, 9, 21 і 22 чэрвеня адключалася напружанне.
Паветраная лінія 0,4 кВ у Курганах уведзена ў эксплуатацыю ў 1965 годзе, мае 100%-ны знос. У адзначаны перыяд часу не толькі абразаліся дрэвы, але нашы супрацоўнікі выпраўлялі, мянялі дэфектныя апоры, перацягвалі правады і інш. Па тэхналогіі работ пры замене і выпраўцы апор дэманціруюць правады радыёліній. Перад рамонтнымі работамі мы папярэдзілі раённы вузел электрычнай сувязі, што па завяршэнні рамонту іх персаналу трэба будзе аднавіць радыё-лініі. Правадоў тэлефоннай сувязі на апорах паветранай лініі 0,4 кВ няма.
Абаненцкая плата бярэцца толькі за спажытую электрычнасць.
Бытавыя спажыўцы электраэнергіі адносяцца да спажыўцоў 3-й катэгорыі па надзейнасці электразабеспячэння. Гэта значыць, што перапынак у электразабеспячэнні ў аварыйных выпадках можа быць на працягу 24-х гадзін.
Перад пачаткам планавых работ у в.Курганы нашы супрацоўнікі на апорах паветраных ліній вывесілі аб’явы аб перапынках у электразабеспячэнні ў сувязі з рамонтнымі работамі. Іх мы праводзім, каб пазбегнуць аварыйных адключэнняў, абрываў правадоў, падзення дэфектных апор, што можа пацягнуць за сабой больш працяглы перапынак адсутнасці электраэнергіі, пашкоджанне электрабытавых прыбораў альбо няшчасныя выпадкі з насельніцтвам.
Раён электрасетак прыносціь свае выбачэнні за вымушаныя нязручнасці. Просім жыхароў в.Курганы успрыняць гэта з разуменнем.”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.