Выдатнік у вучобе, выдатнік у працы

На фінішную прамую выйшла жніво ў СВК “Калгас “Свярдлова”. Пяць экіпажаў камбайнаў выдатна спраўляюцца з пастаўленай задачай, убіраючы хлеб з палёў. Ураджай меркавалі атрымаць большы, але перашкодзіла спякота. Асабліва “дасталося” жыту.
Але ўсе, хто шчыраваў на жніве, паставіліся да гэтай важнай кампаніі з пачуццём вялікай адказнасці. Гэта камбайнеры бацька з сынам Сяргей і Юрый Фірагіны, Леанід Волкаў, Аляксандр Іваніцкі, Сяргей Чорны, вадзіцелі Анатоль Шаўцоў, Сяргей, Аляксандр і Іван Іванчыкавы, работнікі сушыльнай гаспадаркі.

На здымку: студэнт-аграрнік, камбайнер Аляксей Ланкуць.
А найбольшы намалот сёлета па гаспадарцы — у Аляксея Ланкуця і Рыгора Старавойтава на новым, атрыманым нядаўна камбайне КЗС-1218.
Нягледзячы на свой зусім юны ўзрост, у Аляксея гэта ўжо трэцяе жніво. Пачынаў яшчэ старшакласнікам, дапамагаючы асноўнаму камбайнеру. З гэтага часу і палюбіў гэтую пару сельскагаспадарчага года.
— Праца хлебароба — нялёгкая праца, але колькі ў ёй рамантыкі!.. — так лічыць хлопец. — Заварожваюць вока пералівы спелага калосся, якое нібы раствараецца пад матавілам камбайна. Тугім струменем спелае збожжа сыплецца ў кузаў грузавіка… І нават спёка не перашкаджае таму, хто ўлюбёны ў хлебную ніву, радавацца новай намалочанай тоне збажыны…
Але не толькі на полі выдатна працуе Аляксей Ланкуць. Перад тым, як сесці за штурвал камбайна, ён паспяхова здаў чарговую сесію і скончыў другі курс Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Шлях свой — працаваць на зямлі — услед за бацькам, старшынёй гаспадаркі А.Л.Ланкуцем ён абраў для сябе даўно, і цяпер упэўнена ідзе да намечанай мэты, спасцігаючы не толькі тэарэтычную навуку нялёгкай сялянскай прафесіі, але і выпрабоўваючы сябе на практыцы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.