«Хачу жыць і працаваць у вёсцы!..»


Сказаць, што гэтая абаяльная, няўрымслівая маладая жанчына любіць сваю работу, — амаль нічога не сказаць. Трэба бачыць, з якім жаданнем імчыць яна за рулём аўтамашыны па палях гаспадаркі, як уважліва аглядае палеткі, як свецяцца радасцю яе вочы, калі бачаць пералівы ўсходаў пад летнім ветрыкам і як перажывае брыгадзір, калі непагадзь не спрыяе будучаму ўраджаю.
Так сталася, што пасля вучобы месца па аграна-мічнай спецыяльнасці дя яе часова не было. А вось вакансія на пасаду загадчыка фермы была . Прапанавалі — згадзілася. Тут і сустрэла свайго будучага абранніка. Бабруйчанін Руслан на малакавозе часта прыязджаў на ферму забіраць малако. Маладую загадчыцу не заўважыць не мог. І чым больш прыязджаў, тым больш хацелася яе бачыць… Цяпер Настасся і Руслан жывуць у Чыгірынцы. І абодва прынялі цвёрдае рашэнне працаваць менавіта ў вёсцы. Гараджанін Руслан хутка прызвычаўся да сялянскага ўкладу жыцця, імкнецца навучыцца ўсяму, што павінен умець вясковы гаспадар. Ну, а Насцева пазіцыя адназначная:
— Не хачу ў горад, хачу працаваць дома! Тут усё маё, знаёмае з дзяцінства. Работу сваю люблю і хачу стаць сапраўдным тэхнолагам палёў. А таму летась паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускую сельгасакадэмію. Задавальняе і зарплата. Вось толькі жывем з маімі бацькамі. Жывем дружна, а ўсё ж хочацца мець уласнае жыллё…
Зараз у Настассі новыя клопаты. Не за гарамі жніво. Пад яе пільнай увагай рыхтуецца сушыльная гаспадарка. Хвалюецца малады брыгадзір: якім ён будзе — сёлетні ўраджай?..
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.