Жніво-2010

У сераду журналісты “раёнкі” завіталі на сельскагаспадарчыя палеткі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, каб павіншаваць працаўнікоў з пачаткам уборкі збожжавых і пацікавіцца, як ідуць справы. Адначасова з рассветаўскай у гэты дзень выйшла ў поле і тэхніка СВК “Калгас “Ніва”. Менавіта гэтыя гаспадаркі далі старт уборцы збожжавых культур у раёне.
На момант нашага прыезду ў “Рассвеце” ўжо падыходзіла да завяршэння ўборка рапсу, якім сёлета было засеяна 526 га палеткаў. Кожны гектар даў у сярэднім 33 — 34 ц масланасення, а некаторыя палі давалі нават па 40 ц/га. Дзякуючы ўстойліваму надвор’ю, выдатна падрыхтаванай тэхніцы і працоўнаму запалу механізатараў, рассветаўцам удалося завяршыць уборку рапсу ў адведзеныя на гэта 9 дзён. Працаўнікі спадзяюцца, што ўборцы збожжавых, а імі сёлета засеяна больш за 3000 га, таксама будуць спадарожнічаць спрыяльныя ўмовы, і канчаткова апрацаваць палеткі ўдасца ў апошні выдзелены для гэтага 25-ы дзень.
Першым у рассветаўскія засекі легла зерне пшаніцы, затым — трыцікале.
Падчас нашага візіту на ўборцы збожжавых былі заняты 2 камбайны. Як адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Алена Юркавец, гэтага пакуль дастаткова, каб апрацаваць запланаваныя аб’ёмы плошчаў.
За штурвалам аднаго з камбайнаў шчыруюць неаднаразовыя героі жніва і газетных публікацый, вопытныя механізатары браты Анатоль і Мікалай Дразды. А вось новую машыну КЗС-1218 “Палессе” гомельскай вытворчасці кіраўніцтва гаспадаркі даверыла маладому перспектыўнаму камбайнеру Пятру Мухіну (на здымку злева). Ён працуе ў пары з вопытным Мікалаем Бандарэнкам (на здымку справа). Механізатары адзначаюць, што працаваць на новай тэхніцы — адно задавальненне! Ад летняй спякоты выратоўвае ўстаноўлены ў кабіне камбайна кандыцыянер, а дзякуючы магнітоле, можна слухаць любімую музыку і падымаць сабе настрой.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.