Жніву насустрач

8 ліпеня асобныя гаспадаркі, у ліку якіх і СВК “Калгас “Свярдлова”, вывелі першыя камбайны на ўборку рапсу, распачаўшы такім чынам сёлетняе жніво. А на пачатку тыдня ў Стайках з удзелам кіраўнікоў і галоўных аграномаў сельгасарганізацый, спецыялістаў райвыканкама прайшоў раённы семінар па падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю-2010. На здымку: удзельнікі семінара на збожжатаку СВК «Калгас «Свярдлова».
Адкрываючы яго, старшыня райвыканкам У.У.Піскіжаў падкрэсліў, што СВК “Калгас “Свярдлова” быў выбраны месцам правядзення семінара наўмысна: гаспадарка ў раёне не самая моцная і буйная, але да падрыхтоўкі да жніва тут паставіліся сур’ёзна і адказна, не сорамна і іншым паказаць.
Далей кіраўнік раёна засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці да 10 ліпеня вывесці ўсе камбайны на лінейку гатоўнасці, прывесці ў належны стан сушыльную гаспадарку, пляцоўкі і склады для захоўвання зерня.
Вельмі важна забяспечыць бесперабойную работу ўсёй задзейнічанай на ўборцы тэхнікі. А для гэтага ўкамплектаваць экіпажы двума механізатарамі, арганізаваць гарачае харчаванне, у тым ліку і ў полі, стварыць неабходныя бытавыя ўмовы. Перш за ўсё — магчымасць памыцца пасля пыльнай работы.
Немалаважны аспект паспяховага правядзення жніва — арганізацыя працоўнага спаборніцтва, яго публічнасць, бо, як адзначыў У.У.Піскіжаў, здаровы саперніцкі дух, да таго ж падмацаваны матэрыяльнай зацікаўленасцю, толькі дадае ў рабоце тэмпаў. Асабліва для маладых экіпажаў. Немалаважна і маральнае стымуляванне плённай і якаснай працы. Тут дробязей не павінна быць!
Задача перад хлебаробамі раёна сёлета пастаўлена сур’ёзная: сабраць 70860 тон збожжа (без кукурузы). І гэты ўраджай, па папярэдніх ацэнках, на палетках вырашчаны. Галоўнае зараз — правесці жніво ў аптымальныя тэрміны, без страт, і ўлічвацца пры гэтым павінны як тэхнічны, так і чалавечы фактары: а таму не дапускаць прастояў машын і агрэгатаў з-за паломак, жорстка папярэджваць любыя крадзяжы вырашчанага са значнымі матэрыяльнымі і маральнымі затратамі ўраджаю, пры аўтаперавозках зерня абавязкова выкарыстоўваць тэнты.
Важна захаваць і вызначаны алгарытм палявых работ, аптымальныя тэрміны іх правядзення з тым, каб сельскагаспадарчыя клопаты, якіх, як вядома, пад восень вельмі шмат, не набягалі адзін на другога.
Аб гатоўнасці СВК “Калгас імя Свярдлова” да ўборкі рапсу, зерневых культур, падрыхтоўцы зернесушыльнай гаспадаркі да прыёму ўраджаю-2010 праінфармаваў кіраўнік гаспадаркі А.Л. Ланкуць. Агучыўшы асноўныя лічбы сёлетняга планавага задання, ён адзначыў, што такі ўраджай у полі маецца і свярдлоўцы поўныя гатоўнасці сабраць яго да апошняга зярнятка. На праведзеным пасяджэнні праўлення гаспадаркі былі вызначаны адказныя асобы за кожны ўчастак работы, тэхніку бяспекі і пажарную бяспеку. Да кожнага ўдзельніка жніва даведзены кантрольныя лічбы і расцэнкі. Прадумана і арганізацыя харчавання. Яно будзе 2-разовым. Пры гэтым 80% выдаткаў бярэ на сябе гаспадарка, а 20% аплачваюць работнікі.
Далей прысутным была прадэманстравана гатоўнасць тэхнікі да выхаду ў поле, якасць праведзенай герметызацыі камбайнаў: адзін з іх, загадзя пастаўлены на спецыяльную подсцілку з поліэтыленавай плёнкі, абмалаціў капу скошанага рапсу. Нават самы прыдзірлівы агляд удзельнікамі семінара не выявіў істотных агрэхаў.
Уразіў парадак, наведзены на мехдвары, збожжатаку, складах. У цэлым падрыхтаванасці свярдлоўцаў да жніва была дадзена станоўчая адзнака.
Аб арганізацыйных мерапрыемствах па ўборцы рапсу, зерневых і зернебабовых культур у раёне ўдзельнікаў семінара праінфармаваў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскі. Усяго па раёне неабходна ўбраць 14718 га зерневых культур. Чакаемая ўраджайнасць па раёне — 48 ц/га.
Ва ўборцы зерневых будзе задзейнічана 76 камбайнаў і прадоўжыцца жніво ў сярэднім 17 дзён (у разрэзе гаспадарак разбежка складзе 5 — 6 дзён).
Па кожным з відаў работ усяго ўборачнага комплексу, пачынаючы з абмалоту рапсу, зерневых і зернебабовых культур, ачысткі і сушкі зерня, дастаўкі яго на камбінаты хлебапрадуктаў і закладкі на захоўванне, заканчваючы ўборкай саломы з палёў і задзелкай рэшткаў у глебу кожная з гаспадарак раёна атрымала дакладнае заданне. Удзельнікі семінара падрабязна прааналізавалі ўсе прыведзеныя лічбы, былі заслуханы кіраўнікі, у гаспадарках якіх былі недаробкі ў падрыхтоўцы да жніва.
Рэзюмуючы размову аб важнасці і значнасці сёлетняй уборачнай кампаніі, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў засяродзіў увагу кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна на няўхільным выкананні даведзеных планаў па намалотах, пастаўках зерня дзяржаве. А ў якасці дзейснага стымулу прапанаваў прэміраваць кіраўнікоў і галоўных аграномаў гаспадарак, якія выканаюць даведзенае заданне па намалоту. Дарэчы, падобныя прэміі летась атрымалі М.К. Агафонаў (РУП “Жылічы”), І.У.Кузняцоў (СГФ “Чыгірынка” РУП “Магілёўаблнафтапрадукт”.
З умовамі аплаты работнікаў на ўборцы ўраджаю-2010 прысутных разнаёміла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Т.М.Русецкая, з тым, як павінны весціся ўлік паступлення зерня новага ўраджаю, — галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Н.М.Лук’янава.
Аб арганізацыі мерапрыемстваў па тэхніцы бяспекі пры правядзенні ўборачных работ, мерах супрацьпажарнай бяспекі, патрабаваннях, прад’яўляемых да арганізацыі харчавання ў час жніва ўдзельнікаў семінару праінфармавалі галоўны спецыяліст па ахове працы райсельгасхарчу Д.А. Іваніцкі, галоўны інспектар РАНС А.К.Марозаў, галоўны санітарны ўрач раёна А.І.Чыстабаеў.
Вынікі семінара падвёў начальнік райсельгасхарчу, першы намеснік старшыні райвыканкама В.А.Захарэнка.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.