Зноў у нас у гасцях — белгародцы!

Па традыцыі, у раён на летні адпачынак завіталі рабяты з Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі — пабраціма нашага раёна. У гэты ж час дэлегацыя юных жыхароў Кіраўшчыны гасцюе на Белгародчыне.
Сёлета пазнаёміцца са славутасцямі нашага раёна, насычана, яскрава і запамінальна правесці адпачынак, які будзе доўжыцца 10 дзён, прыехалі ўдзельнікі дзіцячых харэаграфічных калектываў “Сувенір”, “Эўрыка”, “Мадэм”, “Крынічка” — усяго 35 дзяцей, 4 кіраўнікі і медык. Яны паабяцалі прадэманстраваць для кіраўчан і жыхароў раёна сваё майстрэства — рыхтуюць канцэртную праграму, якую пакажуць у раённым Доме культуры.
Размясціліся рабяты, на базе Жыліцкага сельгаскаледжа. Для іх падрыхтаваны забаўляльныя праграмы, экскурсіі ў Бабруйск, Магілёў, Нясвіж. Пры спрыяльным надвор’і юныя госці і іх дарослыя кіраўнікі змогуць адпачыць ля вадаёма.
Нягледзячы на тое, што белгародцы прыбылі на кіраўскую зямлю ноччу з серады на чацвер, ужо раніцай яны зрабілі экскурсію па Жыліцкім комплексе-музеі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.