Акцэнт — на якасць і асартымент

Як вядома, недастаткова вырасціць багаты ўраджай, важна з розумам ім распарадзіцца. Кліматычныя ўмовы, у якіх жывем, калі кароткі час, адведзены прыродай на вегетацыю, развіццё і паспяванне пладоў у раслін, змяняецца дастаткова працяглым перыядам спажывання вырашчанага ўраджаю, дыктуе і спецыфіку нарыхтоўкі прыпасаў на “зіму”, перапрацоўкі агародніны. Сярод найбольш сучасных і перспектыўных метадаў — замарожванне, аднак і традыцыйнага кансервавання ніхто не адмяняў. Менавіта на гэтым відзе перапрацоўкі агародніны спецыялізуецца Кіраўскі кансервавы завод. Тут выпускаюцца плода-агароднінныя кансервы, саленні, марынады, соусы, сокі і нектары фруктовыя, іншае.
Прадпрыемства, заснаванае ў 1954 годзе, мае багатыя працоўныя традыцыі, перажыло не адно рефармаванне, змену кіраўніцтва. Нязменным застаўся профіль дзейнасці, адказнае стаўленне да справы калектыву. Менавіта на гэтую акалічнасць у першую чаргу і звярнуў нашу ўвагу дырэктар завода М.М.Неўмяржыцкі. “Людзі ў нашым калектыве, — адзначыў ён, — выдатныя: старанныя, працавітыя, адданыя роднаму прадпрыемству. Гэта дапамагае і натхняе ў штодзённай рабоце, пераадоленні часовых цяжкасцей. Ветэраны прадпрыемства, як З.І.Якушава, В.І.Бяляўская, Р.А.Малашонак, Л.А.Міхалап, В.М.Завяршынская, М.В.Пацыенак і іншыя шчодра дзеляцца вопытам з моладдзю. Наогул, вызначае калектыў кадравая стабільнасць. ”
Леташнія цяжкасці, калі прадпрыемства з прычыны распачатай рэканструкцыі пэўны час прастойвала, сёлета перадолены: цэхі працуюць, прадукцыя выпускаецца. Адным словам, тэхналагічны працэс ідзе без збоеў. За першае паўгоддзе бягучага года выпушчана прамысловай прадукцыі на 1635 млн.руб., спажывецкіх тавараў — на 1641 млн.руб. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 1764 млн. руб., чысты прыбытак — 62 млн. руб. Істотна ўзраслі ў апошні час і заробкі завадчан, так сярэднямесячная зарплата за апошні месяц склала амаль 800 тыс. руб. І гэта пры тым, што завод паранейшаму знаходзіцца ў стадыі мадэрнізацыі. Паралельна вядзецца рэканструкцыя сыравіннага ўчастка. У перспектыве, як адзначыў у размове кіраўнік прадпрыемства, — рэканструкцыя і аднаўленне работы мяснога цэха.
У сённяшняй дзейнасці кансервавага завода найбольш важным застаецца тое, што займаецца прадпрыемства перапрацоўкай мясцовай сыравіны, тут, нягледзячы на ўсе перыпетыі, захаваны працоўныя месцы, забяспечана занятасць насельніцтва горада.
Плённа спрацавалі завадчане сёлетняй вясной — актыўна вялася нарыхтоўка бярозавага соку, якога выраблена і купажыравана 381 тысяч умоўных слоікаў.
Летняя спёка не пашкодзіла ўраджаю агародніны. Пры неабходнасці сыравіна, у прыватнасці агуркі, закупляецца за межамі раёна. Асноўнымі ж пастаўшчыкамі з’яўляюцца насельніцтва раёна, райспажыўтаварыствы вобласці.
З запланаваных да нарыхтоўкі 100 т агуркоў, на дадзены момант закуплена 95 т, закансервавана 367 тысяч умоўных слоікаў хрумсткіх агурчыкаў. Прыступіла прадпрыемства да перапрацоўкі кабачкоў, якіх таксама запланавана нарыхтаваць 100 т.
Галоўны накірунак дзейнасці завадчан — якасць выпускаемай прадукцыі, разнастайнасць асартыменту. Наогул на прадпрыемстве асвоена і выпускаецца 60 назваў кансерваванай прадукцыі. Толькі сёлета асвоена 16 відаў новай прадукцыі, у тым ліку нектары фруктовыя з мякаццю, гародніна ў таматнай заліўцы.
Галоўны клопат кіраўніцтва на сённяшні дзень — рэалізацыя гатовай прадукцыі. Яе асноўнымі спажыўцамі традыцыйна з’яўляюцца сістэма аблспажыўсаюза, бюджэтныя арганізацыі: школы, бальніцы, установы закрытага тыпу. Аднак на сучасным, напоўненым таварамі рынку разлічваць толькі на ранейшыя сувязі, былых спажыўцоў недастаткова. Вытворчасць усё больш расшыраецца, удасканальваецца і дыктуе неабходнасць пошуку новых рынкаў збыту. З гэтай мэтай свае прапановы прадпрыемства размясціла на Беларускай гандлёвай біржы, прыняло ўдзел у двух выставах-дэгустацыях, праведзеных у Магілёве, зараз падшукваецца кандыдатура спецыяліста па маркетынгу. На станоўчы імідж выпускаемай заводам прадукцыі павінна спрацаваць і запускаемая прадпрыемствам гандлёвая марка — “Домашний погребок”, дызайн якой ужо падрыхтаваны.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.