Дома, вядома, лепш, але і ў гасцях добра!

Pа доўгія гады сяброўства, якое існуе паміж нашым раёнам і Белгародскім раёнам аднайменнай вобласці Расійскай Федэрацыі, сфарміраваліся добрыя традыцыі, адна з іх — абмен дзіцячымі дэлегацыямі ў час летніх канікулаў.
На працягу дзесяці дзён гасцявалі на Кіраўшчыне юныя расіяне, і аб тым, як праходзіў іх адпачынак, раёнка інфармавала сваіх чытачоў.

Вярнулася дадому пасля адпачынку ў Расіі і кіраўская дэлегацыя. Настаўнік фізічнай культуры і асноў бяспекі жыццядзейнасці гімназіі г.Кіраўска Сяргей Садоўнікаў, які быў у ліку дэлегацыі ў якасці выхавальніка, падзяліўся сваімі ўражаннямі:
— У састаў нашай дэлегацыі ўваходзілі выхаванцы Кіраўскай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў, удзельнікі харэаграфічнага калектыву “Вера” Мышкавіцкага СДК.
Размясцілі нас у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Салют” Шабекін-скага раёна, што на Белгародчыне, дзе акрамя нас адпачывалі расійскія рабяты, якія займаюцца рознымі відамі спорту.
Праграма нашага знаходжання на белгародскай зямлі была цікавай, насычанай і пазнавальнай. Гаспадары паклапаціліся, каб мы адчувалі сябе ў гасцях найлепшым чынам.
Незабыўныя ўражанні пакінула наведванне Дзяржаўнага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка “Прохараўскае поле”, пасёлка Дубавое з праваслаўным храмам і гістарычным дубам, які пасадзіў некалі сам Пётр І. Цяжка перадаць словамі тыя пачуцці, якія авалодалі як намі, дарослымі, так і дзецьмі падчас наведвання праваслаўнага храма “Уваскрэсенне Хрыстова” у Зімавеньках. Храм быў пабудаваны ў 1911 годзе, уцалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны і вось у такім некранутым выглядзе (без рэстаўрацыі!) стаіць амаль 100 гадоў. Запомніцца рабятам святочны салют, які мы назіралі 5 жніўня ў Белгарадзе, калі адзначаўся дзень горада. А напярэдадні дня горада ў пасёлку Майскім адзначаўся дзень Белгарод-скага раёна. Мы таксама прымалі ўдзел у гэтым святкаванні: удзельнікі нашага харэаграфічнага калектыву парадавалі гледачоў сваімі танцамі.
Асабліва адказным для нас стаў дзень Беларусі, арганізаваны ў лагеры. Нашы рабяты добра разумелі, што іх аднагодкі-расіяне ўспрымаюць іх не проста як прадстаўнікоў юнага пакалення кіраўчан, а як прадстаўнікоў Беларусі! Відаць таму, вялікі канцэрт, дадзены намі ў гэты дзень, прайшоў, як гаворыцца “На ўра!”. І наогул, мы адчувалі сапраўдныя сяброўскія адносіны, павагу да сябе з боку расіян. Рабяты засталіся задаволенымі адпачынкам, атрыманай інфармацыяй, знайшлі сабе новых сяброў.
Галіна Русецкая.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.