«Кропелькі дабрыні ў моры здароўя»

Такую назву меў фестываль здароўя і творчасці, наладжаны Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аддзелам па справах моладзі Ленінскага раёна г.Бабруйска, Духоўна-асветніцкім цэнтрам Свята-Іверскага храма, які знаходзіцца ў Кісялевічах.
Задачай фестывалю, у якім прымалі ўдзел маладыя інваліды, ставілася арганізацыя здаровага адпачынку моладзі, стварэнне ўмоў для раскрыцця і рэалізацыі здольнасцей і талентаў, расшырэння кола знаёмстваў, прыцягненне ўвагі да праблем ВІЧ/СНІД, праваслаўнага погляду на іх.
У Кісялевічы з’ехаліся прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў з дзённым знаходжаннем інвалідаў з г.Бабруйска і Бабруйскага раёна, г.Магілёва. Наш раён на фестывалі прадстаўлялі 8 маладых інвалідаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў разам з загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў РЦСАН Ірынай Тарабуевай і кіраўніком гурткоў Ірынай Стараставай.
У першы дзень фестывалю каманды паказалі так званыя “візіткі” — расказалі пра сябе і аддзяленні, якія прадстаўляюць. Кіраўчане ў гэтым конкурсе былі на вышыні, паказаўшы дастойную праграму, якая выклікала жывую цікавасць усіх прысутных .
А ў спартакіядзе наша каманда наогул заняла першае месца.У цэлым арганізатары фестывалю далі кіраўскай камандзе высокую адзнаку, асабліва падкрэсліўшы яе згуртаванасць і сяброўства. Асобнай граматай фестывалю была адзначана актыўнасць каманды. І гэта важкая перамога, асабліва калі ўлічыць, што гэта быў першы выезд кіраўчан на падобнае мерапрыемства. З самага лепшага боку сябе паказалі ўсе члены каманды. Для іх фестываль стаў сапраўдным адкрыццём, усведамленнем таго, што яны не адзінокія, што іх любяць, цэняць і разумеюць.
Незабыўныя ўражанні пакінуў конкурс “Мінута славы”, падчас якога ўдзельнікі фестывалю прадэманстравалі свае творчыя таленты і здольнасці. Спадабаўся “Усходні танец”, які паказала кіраўчанка Алена Журава, сольны канцэрт Наталлі Голубевай з Пінска. Яна — інвалід, але ўсё яе жыццё можа паслужыць прыкладам для многіх. Наталля не толькі цудоўна спявае, але сама піша музыку і вершы, з’яўляецца лаўрэатам фестывалю “Славянскі базар”.
Для ўдзельнікаў фестывалю ў храме была праведзена вячэрняя служба.
Спецыялісты правялі з ўдзельнікамі фестывалю майстар-класы па маляванні, бісерапляценні, рабоце з саломкай і паперай.
Праводзіліся і псіхалагічныя трэнінгі, якія дапамаглі ўдзельнікам фестывалю ў самаўсведамленні, раскрылі важнасць вядзення здаровага ладу жыцця.
Людміла ЛУКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.