Лета — час разнастайнага адпачынку!

Зараз 36 юных жыхароў раёна — выхаванцы Кіраўскай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў, а таксама ўдзельнікі харэаграфічнага калектыву Мышкавіцкага СДК адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры Бякешынскага раёна Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Юныя прадстаўнікі Кіраўшчыны не проста весела праводзяць час, але і дэманструюць расіянам свае талент і творчыя здольнасці — перад падарожжам яны падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму.
У гэты ж час 35 рабят з Белгародскага раёна гасцююць у нас, а пражываюць — на базе Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа. У праграме адпачынку, падрыхтаванага для юных гасцей, ёсць месца і для канцэрта, падчас якога яны парадуюць кіраўчан сваімі творчымі нумарамі.
А вось для выхаванцаў Кіраўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы лета — час узмоцненых спартыўных трэніровак, безумоўна, у спалучэнні з актыўным адпачынкам. Юныя спартсмены маюць магчымасць праводзіць час у спартыўна-аздараўленчым лагеры, які кожнае лета дзейнічае пры школе. Сёлета такім чынам ужо падмацавалі здароўе 120 дзяцей, а ўсяго да верасня аздараўленне тут пройдуць 200 рабят. Месца дыслакацыі лагера — турысцкая база ў Барсуках, куды “раёнка” днямі і завітала.
Зараз тут трэніруецца і аздараўляецца 14 дзяцей. Паміж трэніроўкамі юныя спартсмены ходзяць у паходы, займаюцца сваімі любімымі справамі. У палявых умовах разам з трэнерамі гатуюць ежу. Дарэчы, меню складаюць самастойна, на свой густ.
— Такім чынам, — адзначыў дырэктар ДЮСШ Віктар Галомзік, — у рабят развіваюцца турысцкія і паходныя навыкі, якія, магчыма, спатрэбяцца ім у далейшым жыцці.
Нягледзячы на тое, што пачаў свой адлік апошні летні месяц, час удала і запамінальна адпачыць, падмацаваць здароўе і назапасіць сіл яшчэ ёсць. Так што, цудоўнага вам адпачынку, спадары чытачы!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.