Першыя ў вобласці, адны з першых у рэспубліцы!

Сёлетняя ўборачная кампанія прынесла ў наш раён знамянальную падзею: два збожжаўборачныя экіпажы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага першымі на Магілёўшчыне і аднымі з першых у краіне намалацілі па 2000 тон збожжа, а два вадзіцелі перавезлі яго больш чым па 2000 тон.
На здымкe: старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік уручае каштоўны падарунак першаму ў вобласці камбайнеру-двухтысячніку Аляксандру Бяляўскаму
З гэтай нагоды ў мінулую пятніцу на рассветаўскія палеткі завітаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік. Сюды прыбылі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама У.У.Піскіжавым, абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, райкама БРСМ.
На свежаскошанай сцярні выстраіліся ў адну лінейку магутныя камбайны, а побач — іх рулявыя. П.М.Руднік падзякаваў хлебаробам за іх высакародную працу, павіншаваў з высокімі дасягненнямі.
— Падчас знамянальнай падзеі — ушанавання першых у вобласці камбайнераў і вадзіцеляў — двухтысячнікаў, — адзначыў старшыня аблвыканкама, — заўважу, што ўборачная кампанія ў вобласці праходзіць у планавым рэжыме. Упэўнены, што дзякуючы набраным хлебаробамі Магілёўшчыны тэмпам, мы дасягнем запаветнага намалоту ў 1 мільён тон. Асаблівай ўвагі і павагі, шчырай удзячнасці заслугоўваюць героі жніва-2010. Ва ўмовах сёлетняй спёкі іх самаадданая праца на палях — сапраўдны працоўны подзвіг!
З рук кіраўніка вобласці камбайнеры Аляксандр Бяляўскі і Аляксандр Міхалькоў, памочнікі камбайнераў Яўген Манько і Іван Лучына, а таксама вадзіцелі Генадзь Гукаў і Валерый Шчэрбіч атрымалі каштоўныя падарункі аблвыканкама: тэлевізары “Віцязь”, а таксама — па аналогіі з веласпортам — жоўтыя майкі і бейсболкі з надпісамі “Лидер жатвы”, у якія тут жа пераапрануліся.
Пасля П.М.Руднік абазначыў “Джон Дзіры” і грузавікі перадавікоў сімвалічнымі значкамі двухтысячнікаў.
Лідэр сёлетняга жніва Аляксандр Бяляўскі па-дзякаваў за ўзнагароды і паабяцаў, што з палёў Кіраўшчыны хлебаробы ўбяруць усё да зернейка, каб на сталах заўсёды быў смачны хлеб — наша адвечнае багацце.
Старшыню аблвыканкама пачаствалі кіраўскім духмяным хлебам ура-джаю-2010.
Павіншаваць і ўшанаваць сувенірамі перадавікоў-хлебаробаў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага — аднаго з самых значных і перспектыўных кліентаў адзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Кіраўску, прыехаў яго ўпраўляючы А.М.Горбель.
Ад прадстаўніцтва абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК лідэры жніва былі прэміяваны пуцёўкамі на адпачынак у санаторыях Беларусі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер уручыў падзячныя лісты і грашовыя прэміі 2-м збожжаўборачным рассветаўскім экіпажам, якія па намалотах перакрочылі тысячны рубеж, і 2-м вадзіцелям-тысячнікам.
Лідэр сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа Іван Барысёнак атрымаў ад в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Алены Осіпавай пераходны вымпел.
Будзем спадзявацца, што імёны герояў сёлетняга жніва праславяць Кіраўшчыну на рэспубліканскіх “Дажынках”!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.