«У Беларусі так хораша, што хочацца тут застацца!»

Завяршыўся адпачынак на Кіраўшчыне юных расіян, а дзяцей з нашага раёна — на Белгародчыне. Такія абмены дзіцячымі дэлегацыямі вось ужо некалькі год запар адбываюцца ў межах сяброўства паміж Кіраўскім і Белгародскім раёнамі.
Напярэдадні ад’езду рабят дадому ў Жыліцкі сельгаскаледж, на базе якога размяшчалася дэлегацыя, завітаў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Падчас сустрэчы з ім у рабят і суправаджаючых іх дарослых была магчымасць падзяліцца ўражаннямі аб адпачынку, а таксама выказаць прапановы, задаць хвалюючыя пытанні.
На здымку: старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў і ўдзельнікі дзіцячай мастацкай самадзейнасці Белгародчыны: абмен меркаваннямі.

Падчас размовы з кіраўніком раёна рабяты адзначылі, што іх асабліва ўразіла дружалюбнасць, ветлівасць, гасціннасць, якія зыходзілі ад жыхароў Кіраўшчыны.
Некаторыя з дзяцей нават запэўнілі старшыню райвыканкама, што калі вырастуць, абавязкова пераедуць жыць і працаваць у Беларусь.
Замежныя госці дзякавалі за цудоўна праве-дзены час на Кіраўшчыне, атрыманыя пазітыўныя эмоцыі і станоўчыя ўражанні. Адзінае, чаго не хапала, — сустрэч з творчымі калектывамі, каб можна было падзяліцца вопытам.
Юныя расіяне ў нас не толькі адпачывалі, але і наладжвалі канцэртныя праграмы. Падчас сустрэчы са старшынёй райвыканкама самадзейныя артысты паказалі самыя яскравыя з нумароў.
Уладзімір Уладзіміравіч уручыў падзячныя лісты “За асабісты ўклад у развіццё міжнародных сяброўскіх зносін паміж Кіраўскім раёнам Рэспублікі Беларусь і Белгародскім раёнам Ра-сійскай Федэрацыі” кіраўнікам дзіцячых творчых калектываў Святлане Аўдзеевай, Святлане Сайганавай, Людміле Лаўрэў, Ірыне Галавач, а таксама медработніку Таццяне Камарцовай.
Напрыканцы сустрэчы У.У.Піскіжаў адзначыў:
— Вось такія сяброўскія зносіны паміж падрастаючым пакаленнем дзвюх дзяржаў у будучым павінны прынесці адпаведныя станоўчыя вынікі. Незалежна ад палітычнага ладу ў нашых краінах, часам узнікаючых эканамічных пытанняў, мы знаходзім сродкі і магчымасці, а галоўнае, маем жаданне наладжваць вось такія абмены дзіцячымі дэлегацыямі.
Мы папрасілі расійскіх гасцей падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаходжання ў нашым раёне.
Святлана АЎДЗЕЕВА, кіраўнік калектываў “Сувенір” і “Эўрыка”:
— Уражанні ад адпачынку ў Беларусі ў нас самыя цудоўныя! Прыемна, што для нас наладзілі шмат экскурсій, пазнаёмілі са славутасцямі. Відавочна, што ў вас развіваецца народна-мастацкая творчасць, культура, што гэта спадчына перадаецца з пакалення ў пакаленне. Падчас знаходжання ў аграгарадку Жылічы адчулі сяброўскае стаўленне да сябе яго жыхароў. Думаю, моладзь, якая выхоўваецца на прыкладах вось такой дружбы паміж народамі, будзе захоўваць і развіваць гэтыя здабыткі.
Юля КУШНАРЭНКА:
— Мне вельмі спадабалася ў Беларусі. Тут шмат чаго цікавага. Мы наведалі Бабруйск, Нясвіж, Мір, Магілёў. Наогул у Беларусі так хораша, што хочацца тут застацца! Зусім не хочацца ехаць дадому. Я нават беларускую мову вывучыла б!
Света ЗЕНІНА:
— Мне спадабалася, што ў вас вельмі добразычлівыя, гасцінныя людзі. Нас усюды хораша прымалі. Калі ездзілі выступаць у Кіраўск, нашы калектывы сустракалі хлебам-соллю. А пасля канцэрта для нас наладзілі забаўляльную праграму з конкурсамі і віктарынамі, дыскатэку. Пазнаёміліся з вашымі рабятамі, спадзяемся што будзем падтрымліваць з імі сяброўскія адносіны.
Крысціна РУДЫЧОВА:
— Кожны дзень адпачынку быў насычаны яскравымі падзеямі. Спадабаліся стравы, якія для нас гатавалі повары сельгаскаледжа. Дзякуй дырэктару Жыліцкай СШ С.І.Дземідовічу за прадастаўлены нам спортінвентар. У вольны час мы гулялі ў тэніс, футбол, валейбол. Адным словам, не сумавалі. Няхай дружба паміж намі мацнее, каб славянскія народы ў любы час маглі прыйсці адзін аднаму на дапамогу!
Данііл КІР’ЯНСКІ:
— Мы знайшлі сабе беларускіх сяброў. Спадабаліся вашы чыстыя і дагледжаныя вёскі і гарады, а асабліва беларускія роўныя шырокія дарогі! Наведалі палацы ў Нясвіжы, Міры, Жылічах. Пабывалі ў Магілёўскім заасадзе, у горадзе майстроў, дзе набылі сабе сувеніры. Я, як веруючы чалавек, наведаў храм у Жылічах, паразмаўляў з айцом Міхаілам. Ён падарыў іконкі з выявай Божай Маці.
Ганна СМАГІНА:
— Мы ўсе — творчыя людзі, і прыязжалі да вас не толькі адпачываць, але і знаёміць з расійскімі танцавальна-песеннымі традыцыямі. Добразычлівыя гледачы дарылі нам шмат апладысментаў, чым падтрымлівалі падчас выступленняў. Дзякуй вам за наш цудоўны адпачынак!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.