Грэцкія крупы: дэфіцыту не чакаецца!

Сітуацыя, склаўшаяся на мінулым тыдні на спажывецкім рынку краіны з грэцкімі крупамі, калі яны з-за ажыятажнага попыту зніклі з паліц магазінаў, а сям-там такі ж лёс напаткаў і жывёльнае масла, вырашылася на бягучым тыдні. Гэтыя тавары зноў можна набыць без усялякіх праблем.
Думаецца, усё ж ёсць неабходнасць пракаменціраваць становішча спраў, каб жыхары нашага раёна былі ў курсе сітуацыі і не паддаваліся сумніцельным чуткам.

Адразу прывядзем аўтарытэтныя меркаванні прэм’ер-міністра Беларусі С.С.Сідорскага, адзначаныя ў інфармацыі БелТА. Па словах прэм’ера, Беларусь у поўным аб’ёме забяспечвае свае ўнутраныя патрэбы, бо запасаў харчовых тавараў, у тым ліку крупяных вырабаў усёй наменклатуры, у краіне дастаткова. У цяперашні час грэчка актыўна ўбіраецца з палёў і паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія працуюць стабільна. “Грэцкай крупы ў продажы будзе столькі, колькі патрэбна”, — запэўніў прэм’ер-міністр. А некаторы ажыятаж вакол крупяных вырабаў ён назваў “падагрэтым”.
Кіраўнік урада адзначыў, што апошнім часам беларускія прадпрыемствы павялічылі аб’ёмы вытворчасці круп, каб забяспечыць гандаль. “Калі ж узнікаюць нейкія перабоі з наяўнасцю гэтых вырабаў на прылаўках, гэта звязана з рытмічнасцю пастаўкі тавараў у гандлёвую сетку”, — растлумачыў С.С.Сідорскі. Акрамя таго, каб не дапусціць адтоку беларускіх грэцкіх круп у Расію, дзе цана на іх удвая вышэйшая, урад вырашыў нязначна ўзняць цану на гэтую прадукцыю ў Беларусі, але крупы будуць усё роўна таннейшыя, чым за межамі краіны.
Як стала вядома з інфармацыі ў абласной прэсе, у пачатку гэтага тыдня на харчовыя базы рэгіёна ў тэрміновым парадку завезена больш 35 тон грэцкіх круп.
У мінулы аўторак, падчас правядзення “прамой лініі” на базе рэдакцыі “Кіраўца”, адной з тэм якой было гандлёвае абслугоўванне, прадстаўнікі райспажыўтаварыства пракаменціравалі сітуацыю з грэцкімі крупамі ў нашым раёне.
Па словах старшыні райспажыўтаварыства А.В.Дземідовіч, гэтыя крупы ў нашым раёне, як і ў іншых, зніклі з магазінаў з прычыны ажыятажнага попыту, дарэчы, нічым не апраўданага. Яны, безумоўна, будуць завозіцца на склады райспажыўтаварыства і будуць у продажы, магчыма, з больш высокай цаной: каб абараніць свой харчовы рынак ад вывазу тавараў за межы рэспублікі, неабходна ісці на такія вымушаныя і, будзем спадзявацца, часовыя меры.
Першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства С.Р.Сарока паведаміла, што грэцкія крупы ў колькасці 1 тоны ў гэты дзень паступілі на склады райспажыўтаварыства і будуць завезены ў закрытыя ўстановы і гандлёвыя прадпрыемствы.
Учарашні рэйд рэдакцыі па магазінах райцэнтра выявіў наяўнасць у продажы грэцкіх круп айчыннай вытворчасці, праўда, у гандлёвых кропках райспажыўтаварыства (універсам “Меркурый”, “Спадарожнік”) кошт 1 кг — 4600 рублёў, у камерцыйнай сетцы (магазін “Белая Русь”) — 5500 рублёў.
А сітуацыя з маслам жывёльным спецыялістам увогуле незразумелая. Згодна каментарыяў Міністэрства гандлю, на ўнутраным рынку краіны мы спажываем 30% масла ад аб’ёму вытворчасці і можам дазволіць сабе пастаўляць яго за межы рэспублікі. Калі будзе неабходнасць павялічыць пастаўкі гэтага тавара ў магазіны, гэта будзе зроблена.
Каб не было пакупніцкага ажыятажу на іншыя віды сельгаспрадукцыі, у рэспубліцы і, адпаведна, вобласці і нашым раёне ствараюцца стабілізацыйныя фонды, у якія пра запас закладваюцца бульба, агародніна, фрукты.
Застаецца толькі заклікаць пакупнікоў свядома ацэньваць любую сітуацыю на спажывецкім рынку і не браць на ўзбраенне розныя чуткі і плёткі.
Падрыхтавала
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.