Крымінальная хроніка

Колькі вяровачцы ні віцца…
Любое злачынства не застаецца незаўважаным, і рана ці позна, як паказвае практыка, пакаранне за ўчыненае напаткае вінаватага. Група маладых лю-дзей, а, дакладней, трое непаўналетніх кіраўчан, “спецыялізаваліся” на крадзяжах з аўтамашын. Злодзеям некалькі разоў шанцавала здзейсніць свае задумы. Толькі адна са спроб ўсё ж аказалася апошняй. Нядаўна хлопцы былі затрыманы ў Бабруйску. У ходзе расследавання “ўсплыў” цэлы шэраг фактаў крадзяжоў, учыненых імі яшчэ і ў Кіраўску, а таксама захоўвання ўкрадзеных матэрыяльных каштоўнасцей. Канцоўка “гастроляў” маладых людзей для іх акажацца невясёлай: ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 2 да 5 гадоў.
Абакралі будаўнічы аб’ект
Набіраюць ход будаўнічыя работы на месцы будучага мікрараёна “Заходні” па вул.Церашковай. Паралельна знаходзяцца і нячыстыя на руку грамадзяне, якія жадаюць здабыць задарма будаўнічыя матэрыялы. У жніўні з новабудоўлі было ўкрадзена 5 поліэтыленавых труб, прызначаных для водазабеспячэння, на агульную суму звыш 1,6 мнл.руб. Райаддзел міліцыі просіць тых, каму што-небудзь вядома па гэтым факце, аказаць дапамогу ў раскрыцці злачынства.
Пасля чаркі
на скутэр не садзіся!..

Якімі б жорсткімі ні былі меры супраць тых, хто са-дзіцца за руль пасля прынятай чаркі спіртнога, а такія ўсё ж знаходзяцца. А хтосьці становіцца на адны граблі паўторна. Толькі ў жніўні супрацоўнікамі ДАІ РАУС было затрымана 15 вадзіцеляў, якія былі за рулём “падшафэ”, шасцёра з іх — папаліся паўторна. Некаторыя ўдзельнікі дарожнага руху лічаць, што калі ехаць на скутэры, то можна дазволіць сабе прапусціць чарачку-другую. Як бы не так! Скутэр — таксама транспартны сродак. Да слова, у мінулым месяцы чацвёра з затрыманых вадзіцеляў скутэраў былі ў нецвярозым стане, двое з іх парушылі правіла цвярозасці за рулём не ўпершыню.
П’янка завяршылася
панажоўшчынай

Чарка і адэкватныя паводзіны — паняцці слаба сумя-шчальныя. Натварыць п’яны чалавек можа шмат чаго, а потым будзе шкадаваць. Сумны фінал атрымала застолле са спіртным у сацыяльна няўдачнай сям’і, пражываючай па вул.Гагарына райцэнтра. Пасля сумеснай выпіўкі пасварыліся дзядзька, які раней быў судзімы, з пляменнікам. Да таго дайшла справа, што старэйшы не знайшоў славесных аргументаў, каб даказаць сваю правату, і нанёс апаненту нажавое пранікаючае раненне. Цяпер давядзецца шкадаваць, бо нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў “цягне” ажно да 8 год турмы.
Усё, што трапляе пад руку…
Самым распаўсюджаным злачынствам у жніўні заставаліся крадзяжы. Што толькі не трапляе пад руку злодзеяў! З аўтамашыны МАЗ, якая знаходзілася на аўтастаянцы недалёка ад в.Падрэчча, зламыснікі злілі 170 л дызпаліва і ўкралі 95 кг свежамарожанай рыбы. У Мышкавічах з гаража рабочага СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага знікла аўтамагнітола. Такая ж рэч была ўкрадзена з аўтамашыны жыхара райцэнтра, якая знаходзілася каля дома па вул.Гагарына. У в.Лешчанка непрацуючы і раней ужо судзімы мясцовы жыхар украў у аднавяскоўкі-пенсіянеркі трох гусей. Навучэнец Жыліцкага сельгаскаледжа ўчыніў угон матацыкла ў жыхара в. Вялікая Крушынаўка Гомельскай вобласці, а непрацуючы жыхар в.Хімарадзь — веласіпеда, які знаходзіўся ў фае райбальніцы і належаў адной з тутэйшых работніц.
Уладзімір СЦЯПАНЧАНКА,
начальнік штаба РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.