«Кубак Дружбы» Беларусь-2010

Кіраўшчына працягвае падтрымліваць свой статус “рыбалоўнай сталіцы”. На Чыгірынскім вадасховішчы рэгулярна праходзяць прэстыжныя спаборніцтвы па рыбалоўным спорце. У ліку іх арганізатараў — і райвыканкам, паколькі стварыць камфортныя ўмовы для гасцей на нашай зямлі — гонар гаспадароў, а па-другое, рыбалка — гэта, перш за ўсё, здаровы лад жыцця, і ўключэнне ў спаборніцтвы мясцовых рыбаловаў-аматараў, як гэта, па склаўшайся традыцыі, бывае, — прэстыж для адных і стымул для другіх.
З 16 па 20 верасня на Чыгірынскім вадасховішчы прайшлі Міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы фідэрам “Кубак Дружбы” Беларусь-2010. У другі раз кіраўская зямля стала месцам іх правядзення.
На здымку: важкіх уловаў і спрыяльнага надвор’я жадаюць удзельнікам спаборніцтваў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, старшыня БГА «Федэрацыя рыбалоўнага спорту» Я.З.Ціхановіч і галоўны суддзя В.С.Святошчык.
Над базай адпачынку СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага з адпаведнай сітуацыі назвай “Дом рыбака”, дзе размясціліся каманды, зноў залуналі дзяржаўныя флагі краін-удзельніц “Кубка Дружбы” — Беларусі, Расіі, Украіны і Эстоніі. Урачыста гучалі іх дзяржаўныя гімны на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў.
Сёлета на іх прыбыла 17 каманд — па некалькі ад кожнай краіны — пры тым, што летась было 12.
Гасціннай і шчырай назваў кіраўскую зямлю, а Чыгірынскае вадасховішча — спартыўным і рыбным вадаёмам старшыня БГА “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Я.З.Ціхановіч, вітаючы прысутных падчас адкрыцця спаборніцтваў, і выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна за плённую арганізацыйную работу па стварэнні належных умоў камандам, падтрымку рыбалоўнага спорту і здаровага ладу жыцця.
Старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў у адказ адзначыў, што кіраўчанам заўжды прыемна, калі да іх прыязджаюць госці. Вельмі добра, што становіцца больш жадаючых да нас прыехаць, прыняць удзел у спаборніцтвах. Уладзімір Уладзіміравіч пажадаў усім важкіх уловаў і выказаў гатоўнасць, каб “Кубак Дружбы” і іншыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і далей праходзілі на Кіраўшчыне, а мы заўжды будзем рады вітаць іх удзельнікаў!
Прадстаўнік расійскай каманды паведаміў, што для іх вельмі прэстыжна было трапіць у Беларусь на гэтыя спаборніцтвы: прыйшлося прайсці строгі адбор, “пабіць” іншыя каманды.
Украінцы адзначылі, што пасля леташняга ўдзелу ў “Кубку Дружбы” доўга расказвалі ў сябе на радзіме пра спаборніцтвы, дзяліліся самымі найлепшымі ўражаннямі. Многія прадстаўнікі эстонскай дэлегацыі таксама былі ў Чыгірынцы ў другі раз і гэтак жа выказалі самыя найлепшыя словы ў адрас арганізатараў.
Ад беларускай дэлегацыі ўсіх вітаў чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2009-2010 года Аляксандр Волкаў. І ўсе рыбаловы-спартсмены жадалі адзін аднаму ўдачы, а сабе — перамогі!
А ўвогуле, як заўважыў галоўны суддзя спаборніцтваў В.Святошчык, на “Кубак Дружбы” Беларусь-2010 сабраўся ўвесь цвет, эліта рыбалоўнага спорту адзначаных краін. І многія аматары палічылі за шчасце назіраць за іх “работай”.
Надвор’е спрыяла рыбаловам. Адведзеныя для лоўлі сектары ўздоўж дамбы Чыгірынскай ГЭС у суботу занялі члены каманд рыбаловаў-спартсменаў і рыбаловы-аматары, прадстаўнікі сельскіх Саветаў і іншых арганізацый. Прыемна, што ініцыятыву кіраўчан удзельнічаць разам з прафесіяналамі падхапілі прадстаўнікі іншых рэгіёнаў — Магілёва, Бабруйска, і паказалі добрыя вынікі.
Калі для прафесіяналаў субота была першым этапам спаборніцтваў, то для аматараў у гэты дзень былі і старт, і фініш. Адным не хапіла экіпіроўкі, другім — вытрымкі, але самыя цярплівыя і аддадзеныя рыбалцы праз тры гадзіны, адведзеныя для лоўлі, пераможна прадэманстравалі галоўнаму суддзю і ўсім прысутным свой улоў! Першае месца з рэзультатам 640 грамаў заняў Юрый Хортаў з Магілёва. Ён жа злавіў і самую буйную рыбіну ў 150 грамаў. Другім быў наш зямляк Анатоль Гаўрылаў (220 г), трэцім — Алег Лазічны (120 г) з Бабруйска.
Вялікую ўдзячнасць за ўдзел у спаборніцтвах, вытрымку і волю да перамогі выказаў усім рыбаловам-аматарам старшыня БАА “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Я.З.Ціхановіч. Пераможца і прызёры атрымалі Ганаровыя граматы і прызы, якія ім уручыла намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова, адзначыўшы, што ёй да спадобы людзі, якія займаюцца цікавымі справамі, а не бавяць час дома на канапе. Асаб-лівага прыза быў удастоены самы маленькі рыбалоў Арцём Сіняк, які мужна вытрымаў ля берага усе тры гадзіны і з захапленнем успрымаў кожную рыбінку, злоўленую “калегамі” па спаборніцтвах.
Увечары гасцей чакала культурная праграма: прыемныя мелодыі ім дарылі ўзыходзячыя зоркі беларускай эстрады — група “Бай сіці”, а таксама кіраўскія самадзейныя артысты: работнікі РДК, бібліятэкі, школы мастацтваў, выступленні якіх пакінулі шмат добрых уражанняў. Госці ахвотна і з энтузіязмам удзельнічалі ў прапанаваных ім конкурсах і гульнях.
…А прафесіяналаў чакаў другі дзень спаборніцтваў. Барацьба за першынство разгарнулася нежартоўная, усім хацелася перамогі. Па агульных выніках двух тураў былі вызначаны пераможцы і прызёры ў камандным заліку і асабістым. “Кубак Дружбы” Беларусь-2010 заваявала беларуская каманда! Другое і трэцяе месцы адпаведна — на рахунку каманд з Расіі і Украіны.
А ў асабістым заліку ўдача была на баку расійскага спартсмена Д.Анохіна (агульная вага яго ўлову за два туры — 11 кг 790 г). Другую і трэцюю пазіцыі на п’едэстале гонару занялі беларусы — В.Радчук і А.Яўмененка, якія, дарэчы, выступалі ў адной камандзе.
Самую буйную рыбу — ляшча вагой 1 кг 500г — злавіў таксама беларус А.Півавараў. Відаць, “родныя сцены” дапамаглі беларусам дабіцца істотных поспехаў.
Адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Спецыяльным прызам была адзначана адзіная на гэтых спабор-ніцтвах жанчына — ўкраінка Т.Дзянісава, якая ўваходзіла ў інтэрнацыянальную каманду “Сож” (Беларусь — Украіна) .
Усе ўдзельнікі зноў шчыра дзякавалі за выдатную арганізацыю спаборніцтваў, прадстаўнікі Украіны падарылі на добрую памяць У.У.Піскіжаву спінінг, улічваючы, што ён з’яўляецца аматарам рыбалкі.
“Кубак Дружбы” зноў стаў сімвалам сяброўства і добразычлівых адносін. Былі пераможцы, пераможаныя, але ўсе пакінулі нашу зямлю з добрым запасам пазітыву і імкненнем сустрэцца тут зноў.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА
і Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.