Няхай заўжды будзе мір!

Традыцыйна ў трэці аўторак верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень міру, сёлета ён супадае з Міжнародным днём міру.
Актыўная міратворчая дзейнасць многіх грамадскіх арганізацый нашай рэспублікі не губляе сваю актуальнасць. Свой уклад у захаванне міру ўносіць і раённае аддзяленне ГА “Беларускі фонд міру”, актывісты і сябры фонду, жыхары раёна. Расказаць аб дзейнасці раённай арганізацыі мы папрасілі яе старшыню В.У.Гаршкову:

— Дзейнасць раённай арганізацыі Фонду міру накіравана на ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыю і ўдзел у дабрачынных і міратворчых мерапрыемствах, патрыятычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва, асабліва моладзі, падтрымку найменьш абароненых слаёў насельніцтва, удзел у прапагандзе здаровага ладу жыцця, падтрымку адораных дзяцей і маладых талентаў, дзіцячых праграм, прапаганду сярод насельніцтва дабрачынных узносаў у Фонд міру, як канкрэтнага клопату чалавека аб міры, шчасці, будучым.
Зараз раённае аддзяленне працуе над рэалізацыяй шасці праграм: “Памяць”, “Наша Радзіма — Беларусь”, “Клопат”, “Падтрымка дзіцячых праграм”, “ За здаровы лад жыцця” і “Падтрымка таленавітай моладзі”. Нагадаю, сёлетні Дзень міру прысвечаны будучаму планеты — моладзі, а яшчэ ён закліканы садзейнічаць як дасягненню міру паміж народамі, так і выкараненню насілля ў сем’ях. Дзецям жа, якія народзяцца сёння, будзе прысвоена ганаровае званне «Дзіця міру».
На рахунку нашай арганізацыі шмат канкрэтных добрых спраў. У бягучым годзе асаблівая ўвага ўдзялялася ветэранам Вялікай Айчыннай вайны: удзел у зоркавай акцыі “Мы мір заваявалі — мы яго абаронім”, для палаты ветэранаў райбальніцы набыты халадзільнік. Наогул, штогадовыя мерапрыемствы па ўшанаванні ветэранаў вайны і працы не абыходзяцца без удзелу раённага Фонду міру. Напярэдадні Дня Перамогі дэлегацыя нашага раёна прыняла ўдзел у закладцы рабінавай Алеі Дружбы ў гонар 65-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Браншчыне. Мы не проста прапагандуем здаровы лад жыцця, а і ўдзельнічаем ва ўмацаванні спартыўна-матэрыяльнай базы раёна. Наша аддзяленне падтрымлівае валанцёрскі рух, дзяцей з Лёўкавіцкага сацыяльнага прытулку, сацыяльна няўдачных сем’яў.
Сёння і на працягу ўсяго Тыдня міру, які праходзіць з 15 па 24 верасня, ва ўстановах адукацыі, культуры, працоўных калектывах раёна наладжваюцца сустрэчы з ветэранамі, культурна-масавыя, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы.
Мяркую, уся праводзімая работа будзе садзейнічаць захаванню і ўмацаванню міру ва ўсім свеце.
Зразумела, што такая дзейнасць магчымая пры непасрэдным удзеле саміх жыхароў раёна, бо наш Фонд фарміруецца толькі з добраахвотных ахвяраванняў. Сёлета на рахунак арганізацыі паступіла 10262580 рублёў, што складае прыкладна 460 рублёў на аднаго жыхара раёна. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці (сярэднеабласны паказчык — 238,2 руб.). Упэўнена, што дзякуючы жыхарам Кіраўшчыны, раённае аддзяленне і надалей будзе праводзіць работу, накіраваную на стварэнне, захаванне і перадачу агульначалавечых каштоўнасцей для будучых пакаленняў, захаванне і прымнажэнне поспехаў роднай Беларусі, клопат аб міры, шчасці, будучым.
Найбольшы ўклад у агульную скарбонку зрабілі калектывы РАПТЗ, райбальніцы, СВК “Чырвоны баец”, аддзела адукацыі, раёна электрасетак, аўтапарка, вузла электрычнай сувязі, ПМК-255, райспажыўтаварыства.
У гэты дзень звяртаюся да працоўных калектываў усіх форм уласнасці, жыхароў раёна з просьбай аб падтрымцы ў справе па ўмацаванні міру, прапагандзе, увасабленні ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму, рэалізацыі высакародных і міратворчых праграм. Грашовыя сродкі можна накіроўваць на разліковы рахунак: №3015207390011 у ДФ ААТ “Белінвестбанк” па Магілёўскай вобласці УНН 700119293, код банка 712. Спадзяюся на далейшае разуменне і супрацоўніцтва!
Падрыхтавала
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.