Прэс-цэнтр райвыканкама інфармуе

Учарашняя расшыраная аператыўная нарада ў райвыканкаме пачалася з віншавання ў адрас першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу В.А.Захарэнкі: Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 3 верасня дадзена згода на назначэнне яго на пасаду старшыні Клімавіцкага райвыканкама. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады У.У. Піскіжаў падзякаваў В.А.Захарэнку за добрасумленную працу па развіцці аграпрамысловага комплексу раёна і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама.
Прысутным быў прадстаўлены новы начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях — Д.А. Рошчын (больш падрабязна аб новым назначэнні — у бліжэйшых нумарах газеты).
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н.П.Суравец пазнаёміла ўдзельнікаў аператыўнай нарады з найбольш значнымі мерапрыемствамі, якія плануюцца да правядзення ў раёне на працягу верасня.
У ходзе планёркі ішла размова аб чакаемым выкананні прагнозных і мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 8 месяцаў гэтага года, была засяроджана ўвага кіраўнікоў на тых пазіцыях, па якіх недапрацавалі.
Адставанне па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вынікамі работы раслінаводчай галіны кампенсаваць не ўдалося з-за недабору збожжа, таму ўсе намаганні, як адзначалася на нарадзе, трэба накіраваць на эфектыўную работу ў жывёлагадоўлі: ужо зараз маецца запас кармоў для грамадскага статка на 1,5 года, яго папоўніць ураджай кукурузы, такім чынам, з добрай кармавой базай пры захаванні тэхналагічных прыёмаў можна вынікова працаваць.
Сяўба азімых павінна быць праведзена ў аптымальныя тэрміны і завершана да 25 верасня.
Не за гарамі ацяпляльны сезон: як на сённяшні дзень падрыхтаваны да яго кацельні, жыллёвы фонд, арганізацыі, было прааналізавана ў ходзе планёркі, а таксама вызначана, што неабходна яшчэ зрабіць, каб сустрэць халады ў поўнай гатоўнасці.
Выкананне заданняў па росту заработнай платы, занятасць насельніцтва — гэтыя пытанні знаходзяцца пад пастаяннай увагай вертыкалі ўлады і стаяць на парадку дня кожнай аператыўнай нарады з улікам вынікаў чарговага прайшоўшага месяца. Асаблівая ўвага на гэты раз была звернута на арганізацыі, узровень заработнай платы ў якіх не дасягае 250 долараў ЗША ў эквіваленце.
Аб стане работы па ўводу аб’ектаў аграгарадка Скрыпліца, які неабходна здаць да пачатку снежня, праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Я.У.Арэшка.
Было таксама разгледжана пытанне аб перадачы невыкарыстоўваемых зямельных участкаў: сельвыканкамы і сельгасарганізацыі павінны ў верасні закончыць гэтую работу. Старшыня райвыканкама канстатаваў, што зямельныя ўчасткі, якія мяжуюць з сельгасугоддзямі, прыдатныя для сельгасвытворчасці, дзе маецца магчымасць работы сельскагаспадарчай тэхнікі, павінны быць абавязкова перададзены сельгасарганізацыям.
У горадзе праведзена інвентарызацыя ўчасткаў, на якіх згарэлі домаўладанні, будзе вырашацца далейшы іх лёс.
У зоне ўвагі раённай улады было і пытанне аб ходзе работ на гарадскім рынку: да 15 верасня тут плануецца завяршыць заліўку падмурка з тым, каб распачаць мантаж першага раду павільёнаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.