Рассветаўцам восень дары прыносіць

Восень шчодра адорвае вяскоўцаў. Але, вядома, не ўсіх — а тых, хто шчыраваў на палях і летась, і сёлета, укладваў у будучы ўраджай свае сілы. Настаў час, калі зямліца аддзячвае працаўнікам за іх нялёгкую сялянскую працу, а, тым, у сваю чаргу, зноў няма часу адпачываць: трэба паспець сабраць вырашчанае і адначасова думаць пра заўтрашні дзень…
У напружаным рытме працуюць у гэтыя вераснёўскія дні земляробы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Паспець патрэбна зрабіць шмат, таму работы вядуцца у комплексе: гул рухавікоў чуваць практычна на ўсіх участках самай вялікай гаспадаркі ў раёне. На асобных з іх мы пабывалі напрыканцы мінулага тыдня.
Рухаемся ў напрамку Цейкавіч. Тут за так званым Парфенавым мастом ідзе ўборка бульбы. Менавіта ў “Рассвеце”, як нідзе ў раёне, яе вырошчванне пастаўлена на прамысловую аснову. Кожным з трох камбайнаў “Грымме” выкопваецца штодзень па 4-5 га. Старанна працуюць на бульбяных палетках Ігар Жалдак, Пётр Мухін і Юрый Бяляўскі. Другі хлеб гатунку “рэд скарлет”, выведзенага ва ўласнай мерыстэмнай лабараторыі, радуе: на круг выходзіць у сярэднім па 270-280 цэнтнераў (адна з лепшых ураджайнасцей у вобласці). Ужо ёсць і пакупнікі, якія з ахвотай гатовы набыць рассветаўскую бульбу. Прычым не толькі ў нашай краіне, але і ў суседняй Расіі.
За Валосавічамі вялі ўборку кукурузы на сілас. Летняя спякота “падпаліла” каралеву палёў істотна, аднак нават пры гэтым кукурузная сцяна выглядае няблага. Як адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Алена Юркавец, тры траншэі ўжо закладзены — дзве ў Казулічах і адна ў Валосавічах, а гэта 8 тысяч тон сіласнай масы. Усяго ж пад зімовую патрэбу рассветаўцам неабходна мець 40 тыс.т сіласу. Для гэтых мэт было засеяна 1400 гектараў (яшчэ 700 га кукурузы адведзена пад абмалот на зерне). Патрэбную колькасць сакавітага корму, на думку спецыялістаў гаспадаркі, рэальна нарыхтаваць у вызначаныя тэрміны. Тэхніка не падводзіць, надзейна працуюць механізатары. Здрабняюць зялёную масу вопытныя корманарыхтоўшчыкі Уладзімір Асос і Юрый Аўтушкоў. Апошні, нагадаем, за старанную працу менавіта на гэтым участку работ атрымаў летась з рук Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі ключы ад новенькай “Волгі”. Дастаўляюць да месцаў складзіравання свежую масу на трактарах з аб’ёмнымі прычэпамі Аляксандр Гутараў, Мікалай Дрозд, Мікалай Русецкі, Міхаіл Букаты, Аляксандр Шырокі, Іван Кавалеўскі, падключыўся да іх на МАЗе Генадзь Бяляўскі.
Паралельна вядзецца і нарыхтоўка сенажу. Канюшыну і люцэрну падкошвае Міхаіл Вербенка, падварушвае масу граблямі Іван Фамін, а затым Сяргей Пафераў скатвае яе ў рулоны пад плёнку спецыяльным прэс-падборшчыкам.
Яшчэ адна візітная картка “Рассвета” — агародніна. Розныя культуры займаюць тут 130 га. Зараз вядзецца інтэнсіўная ўборка цыбулі. З-за той жа спёкі ўраджайнасць яе выдалася не такой, як чакалі і атрымлівалі раней, хоць і быў забяспечаны паліў. Падкасілі батву і падкапалі цыбулю механізавана — зрабіў гэта Мікалай Бяляўскі. А вось падбіраюць залацістыя галоўкі ўручную, каб не страціць частку ўраджаю: на цыбульныя палі “кінута” вялікая армія рабочых палявочай брыгады, задзейнічаны работнікі цяплічнай гаспадаркі, школьнікі Мышкавіцкай СШ і гімназіі Кіраўска.
На падыходзе — уборка іншых сельгаскультур — морквы, капусты, сталовых і цукровых буракоў, у садах наліліся сокам яблыкі.
Але не толькі сёлетнімі ўраджаямі напоўнены думкі рассветаўцаў. Актыўна вядуць яны сяўбу збожжавых пад ураджай наступнага года. На 920 га ў сціслыя тэрміны быў засеяны азімы рапс. Зараз пазменна круглыя суткі на “Беларусу-3022” сеюць пшаніцу Сяргей Кахновіч і Мікалай Белакурскі. Другая пара сейбітаў — Дзмітрый Кахновіч з Юрыем Комарам. Яны працуюць на “Джон Дзіры”. Наперадзе ў гэтай чацвёркі шмат работы: увосень патрэбна засеяць збожжавымі 2800 га.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.