Самі сябе і абкрадаем…

Хто будзе аспрэчваць той факт, што пасля ўкладкі тратуарнай пліткі ў нашым горадзе стала не толькі больш прыгожа і ўтульна, але і зручна для пешаходаў?! Аднак пэўныя асобы добраўпарадкаванне грамадскіх месц успрынялі як магчымасць займець дармавыя будматэрыялы для ўласных патрэб. Відаць, прыкладна так разважалі тыя, хто летась павыдзіраў частку тратуарнай пліткі па вул.Савецкай. УКП “Жылкамгас” тады давялося аж у міліцыю звярнуцца за дапамогай у пошуках зламыснікаў. І такія былі знойдзены, а плітка работнікамі камунальнай гаспадаркі вернута на сваё законнае месца.
Падобнае напаткала было і тратуар па вул. Камсамольскай на ўчастку ад раённай аптэкі да магазіна “Універмаг”. Тады ўчастак тратуара з некалькімі “знікнуўшымі” пліткамі работнікі УКП “Жылкамгас” таксама аднавілі.
Зараз жа — вось незадача! — тратуар па вул.Камсамольскай зноў з “пралысінамі”. Каму спатрэбілася на гэты раз плітка, пакуль сказаць складана. Складана будзе і адрамантаваць тратуар, бо, як растлумачылі нам ва УКП “Жылкамгас”, новых партый падобнай пліткі няма, прыдзецца падбіраць плітку паштучна па памеры і колеры.
Пакуль жа вышчарблены тратуар уяўляе для пешаходаў, асабліва няўважлівых, рэальную пагрозу: на ямінах з-пад выдранай пліткі лёгка спатыкнуцца, упасці, атрымаць цялесныя пашкоджанні ці абцасы ў туфлях зламаць. Ды, нават, калі абыдзецца і без матэрыяльных страт, настрой усё роўна сапсаваны: бо тратуар згубіў сваю цэльнасць і зручнасць.
Вось і атрымліваецца, што крадучы грамадскае, абкрадзенымі становімся самі…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.