Вольны час — для душы і з карысцю

Разумнае, цікавае і карыснае правядзенне дзецьмі свайго вольнага часу хвалюе і саміх рабят, і іх бацькоў, прычым, апошніх — у большай ступені. Вырашэнне гэтай праблемы па сілах калектыву нашага Цэнтра пазашкольнай работы, пераканацца ў чым маглі школьнікі і іх бацькі падчас рэспубліканскага Тыдня ўстаноў пазашкольнага навучання і выхавання, які традыцыйна праходзіў у пачатку новага навучальнага года.
Дзеці і дарослыя, наведваючы ў гэты перыяд Цэнтр, змаглі бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю гурткоў, вызначыцца ў выбары таго ці іншага занятку па інтарэсах. Паралельна вывучаўся сацыяльны запыт вучняў і іх бацькоў для рэалізацыі патрэб дзяцей у дадатковай адукацыі.
Акрамя таго, сёлета было апрабіравана правядзенне майстар-класаў выхаванцамі Цэнтра па методыцы “роўны — роўнаму”. Наведваючы школы, нашы рабяты паказвалі аднагодкам, чаму навучыліся ў гуртках. І кожны змог пераканацца, што заняткі ў гуртках і студыях Цэнтра пазашкольнай работы дазваляюць у вольны час усебакова развіваць свае здольнасці і захапленні.
Працуюць у Цэнтры гурткі і клубы розных накірункаў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца інтэлектуальны клуб “Эрудыт”, выхаванцы якога з’яўляюцца ўдзельнікамі абласных і рэспубліканскіх інтэлектуальных турніраў.
Запатрабаваны гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: мяккай цацкі і вышыўкі — “Вясёлыя іголачкі”, бісерапляцення “Бісерная фантазія”, а таксама “Саламяная майстэрня”, гурткі выяўленчага мастацтва “Вернісаж”, “Умелыя ручкі”. Для тых, хто хоча навучыцца мадэліраваць і шыць адзенне, рабіць прычоскі, манікюр і макіяж прыйдуцца даспадобы гурткі “Атэлье Папялушкі”, “Імідж”, студыя стылю і моды “Гламур”.
У фарміраванні асобы юнакоў, як вядома, важнае месца займае развіццё іх тэхнічных здольнасцей, што дапамагае ў далейшым прафесійна самазацвердзіцца. Праявіць сябе хлопчыкі могуць у гуртках тэхнічнай скіраваннасці: “Радыётэхнічны”, “Картынгіст”. Наведваць іх можна з 10-гадовага ўзросту. Тут, акрамя навыкаў ваджэння, рабяты атрымліваюць веды па Правілах дарожнага руху.
Умацаваць свой фізічны стан, набыць упэўненасць, навучыцца рашуча дзейнічаць у экстрымальнай сітуацыі хлопчыкі могуць у гуртку па рукапашным боі “Шчыт”, знайсці аднадумцаў у зносінах рабятам дапамогуць заняткі ў гуртку спартыўнага танца “Брэйк-данс”, які працуе па выхадных.
На развіццё музычных здольнасцей, эстэтычнага густу, раскрыццё свайго творчага патэнцыялу накіравана дзейнасць гуртка “Непаседы” для рабят малодшага ўзросту, студыі эстрадна-папулярнай музыкі “Калейдаскоп” для старэйшых школьнікаў.
Наталля КРЫЛОВА,
сацыяльны педагог Цэнтра
пазашкольнай работы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.