Хутка ацяпляльны сезон…

На пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 15 верасня, было скрупулёзна і дэталёва абмеркавана пытанне гатоўнасці народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 года. Трэба заўважыць, увага падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага сезону кіраўніцтвам раёна заўжды надаецца адразу пасля заканчэння папярэдняга. І сёлета загадзя былі зацверджаны адпаведныя мерапрыемствы, утворана і працавала камісія па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых, прафілактычных і рамонтных работ, стварэння неабходных запасаў паліва на прадстаячы асенне-зімовы перыяд.
Пачынаючы пася- джэнне райвыканкама, кіраўнік раённай вертыкалі ўлады У.У.Піскіжаў засяродзіў увагу прысутных (а ў зале былі практычна ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна) на тым, што ступень гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду павінна быць з запасам трываласці: як паказала мінулая зіма, мы не застрахаваны ад вельмі нізкіх тэмператур паветра. І запланаваныя па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону мерапрыемствы трэба рэалізаваць не дзеля 100%-га іх выканання, тым больш, не дзеля “галачак” і справаздач, а каб гэтыя 100% былі пацверджаны якасцю выкананых работ.
Інфармацыя начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.Бяржаніна пераканала, што ў між-ацяпляльны перыяд быў зроблены значны аб’ём работ. Ажыццяўляўся рамонт асноўнага і дапаможнага абсталявання кацельняў, рамонт і гідраўлічныя выпрабаванні магістральных трубаправодаў і цеплавых сетак, рамонт жыллёвага фонду, вытворчых і адміністрацыйных будынкаў, аб’ектаў сацыяльнай і бытавой сферы.
Адзін з самых значных для раёна момантаў у гэтым пераліку — поўная замена сістэмы ацяплення ў 4-павярховым корпусе цэнтральнай раённай бальніцы, з-за збояў у старой сістэме не ўдавалася дасягнуць належнай тэмпературы паветра ў бальнічных пакоях.
Але ў ходзе пасяджэння райвыканкама асноўная ўвага была нададзена аналізу таго, па якіх пазіцыях адказныя службы працавалі недастаткова настойліва, якія прычыны перашкодзілі ўкласціся ў вызначаныя для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў тэрміны і што неабходна зрабіць у бліжэйшы час, каб навярстаць упушчанае.
Важны напрамак работы — стварэнне запасаў мясцовых відаў паліва. Агульная патрэба ў фінансавых сродках для гэтых мэт у бюджэтных арганізацыях (на дровы, брыкет, цэнтральнае ацяпленне) на 2010 год складае 4206,8 млн. рублёў, зрасходавана на гэты дзень было 2658,2 млн.рублёў.
Найбольш праблемным стала пытанне нарыхтоўкі паліўнай шчапы, на якой працуе новая кацельня ААТ “Кіраўск-Лён”. Склалася такая сітуацыя, што лясгасы з канца мінулага ацяпляльнага сезону прапаноўвалі шчапу не належнай вільготнасці, і нашы камунальнікі вымушаны былі адмаўляцца ад яе. А з сярэдзіны лета шчапа лясгасамі не выдзялялася. Зараз працягваецца нарыхтоўчы перыяд: адноўлены пастаўкі шчапы Бабруйскім лясгасам, заключаны дагавор з Клічаўскім лясгасам на пастаўку дроў для перапрацоўкі іх у шчапу на драбільнай машыне, набытай УКП «Жылкамгас».
У.У.Піскіжаў запатрабаваў дакладна пралічыць сітуацыю па нарыхтоўцы шчапы, зыходзячы з рэальных магчымасцей, скласці графік яе вытворчасці з улікам максімальнай прадукцыйнасці.
А ўвогуле па нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва заданне павінна быць выканана ў поўным аб’ёме, адзначыў кіраўнік раёна. Ва ўмовах нестабільнасці цэн на газ неабходна выкарыстоўваць тыя віды рэсурсаў, якія маем.
Безумоўна, на парадку дня стаяла пытанне, наколькі задаволены па-трэбы насельніцтва ў цвёрдых відах паліва. У філіяле “Кіраўскі райпаліўзбыт” з улікам мінулай халоднай зімы сёлета больш заказаў з боку насельніцтва, іх выкананне забяспечваецца.
Для кампенсацыі розніцы цэн на паліва для насельніцтва прадугледжана 308,3 млн. рублёў з бюджэту, якія поўнасцю выкарыстаны.
Кіраўніцтва УКП “Жылкамгас” давала справаздачу, якія аб’ёмы работ выкананы па рамонту жыллёвага фонду, прафілактычнага рамонту сістэм ацяплення і г.д., што яшчэ засталося зрабіць. Для заканчэння работ устаноўлены тэрмін 25 верасня.
Арганізацыям, якія на гэты час не зарэгістравалі пашпарты гатоўнасці аб’ектаў да асенне-зімовага перыяду, было вы-значана зрабіць гэта на працягу тыдня.
Намечана актывізаваць работы па ўстройству навесаў для захоўвання мясцовых відаў паліва з улікам захавання правілаў пажарнай бяспекі, замене на кацельнях помпавага абсталявання на менш энергаёмістае. Гэтыя і іншыя меры, накіраваныя на тое, каб уступіць у ацяпляльны сезон у поўнай гатоўнасці, былі адзначаны ў рашэнні райвыканкама з указаннем канкрэтных тэрмінаў і адказных за іх выкананне.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.