Як нас абслугоўваюць і што прапаноўваюць?

Рэдакцыя сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама працягвае праводзіць прамыя тэлефонныя лініі па актуальных пытаннях жыццядзейнасці нашага рэгіёна. Чарговая “прамая лінія” была прысвечана пытанням гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва; падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
На пытанні тэлефанаваўшых адказвалі: старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч, старшыня райспажыўтаварыства А.В.Дземідовіч, яе намеснік С.Р.Сарока, дырэктар УКП “Бытпаслугі” І.Л.Шаршукова, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Н.К.Багель, начальнік аддзялення рознічных паслуг аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Кіраўску Т.І.Бяляўская.

— У мяне ёсць некалькі пытанняў па крэдытаванні згодна Указа Прэзідэнта №302 “Аб прадастаўленні крэдытаў грамадзянам, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак”. Пры вызначэнні банкам, ці маю я права на крэдыт, улічваюцца толькі даходы па асноўнаму месцу работы? Ці можна пасля вырашэння пытання аб крэдытаванні за гэтыя сродкі набываць былую ва ўжыванні тэхніку?
А.Каранкевіч, г.Кіраўск.
— Пры вызначэнні крэдыта-здольнасці заяўніка і паручыцеляў улічваюцца і даходы ад рэалізацыі або здачы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Банкам крэдытуецца набыццё толькі новай тэхнікі, якая рэалізуецца юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Гэтак жа набываецца і іншы тавар, пералік якога прыводзіцца ва Указе №302, пакупка яго ў фізічных асоб выключана.
— У нашай вёсцы Падсёлы закрылі магазін, спасылаючыся на тое, што ёсць праблема з падборам прадаўца. Але гандлёвая кропка так і не распачала работу. Між іншым, магазіны закрыты ў Шмаках, Дубцах, няхай бы хоць у нас працаваў, бо пражывае ў вёсцы каля 50-ці чалавек. Двойчы на тыдні прыязджае аўталаўка, але нас не задавальняе, што яна не захоўвае графік абслугоўванне: павінна быць у Падсёлах з 15 гадзін, а на самой справе можа прехаць і значна раней, і пазней. Людзі тут пражываюць у асноўным пажылыя: калі цёплае надвор’е, пачакаць на вуліцы няцяжка, а калі восеньскі холад, маразы — чаканне, вядома, задавальнення не прыносіць. Да таго ж асартымент тавараў не заўжды адпавядае нашым патрэбам: напэўна, пакуль да нас даедуць, многае раскупляюць у іншых вёсках. Хлеб прывозяць толькі фармавы, які не ўсім падабаецца. Аднойчы заказалі іголкі для шыцця, прадавец адказала, што няма на базе… І яшчэ пытанне: чаму не ўся шклотара прымаецца?
Г.М.Дзіковіч, Т.М.Цімохава, М.М.Цімохава, в.Падсёлы.
— Праблема з кадрамі ў райспажыўтаварыстве сапраўды мае месца, праўленне стараецца яе вырашаць. Магазін у Падсёлах плануецца адкрыць у красавіку надыходзячага года — на летні перыяд.
Графік завозу тавараў аўтамагазінам у познюю восень і зімовы час з-за бездарожжа захоўваць складана. Што датычыцца асартыменту і якасці тавараў, з прадаўцамі аўтамагазіна будзе праведзена адпаведная гутарка. Калі вас не задавальняе фармавы хлеб, які, дарэчы, актыўна запатрабаваны жыхарамі нашага раёна, будзе дастаўляцца хлеб іншых відаў. Шклотара прымаецца ў залежнасці ад патрабаванняў прадпрыемстваў, на якія мы яе адгружаем.
— У нашым Кіраўску абнаўляюцца цэнтральныя мага-зіны, будуюцца гандлёвыя павільёны, а кантрольных вагаў нідзе няма, каб праверыць, ці не абважылі цябе. І што рабіць, калі сумняваешся ў правільнасці цаны на ўзважаны або расфасаваны тавар?
М.М.Бондарава, г.Кіраўск.
— Напрыклад, ва ўніверсаме “Цэнтральны” ёсць трое электронных вагаў, і можна звярнуцца да любога прадаўца і папрасіць пераважыць тавар, калі сумняваецеся ў правільнасці яго вагі. Сфера гандлю адышла ад выкарыстання цыферблатных вагаў, а каб узважыць на электронных, патрэбны спецыяльныя навыкі, якіх у пакупнікоў не маецца, таму ўстанаўліваць такія вагі ў якасці кантрольных немэтазгодна. У бліжэйшы час “Цэнтральны” плануецца перавесці на аўтаматызаваную сістэму абслугоўвання, як у “Меркурыі”, і пытанне аб правільнасці вагі тавара не будзе паўставаць.
Каб не сумнявацца ў даставернасці цаны тавара, пакупнік мае права папрасіць у прадаўца таварна-транспартную накладную, і той абавязаны паказаць гэты дакумент.
А ўвогуле ў любым спрэчным выпадку раім звяртаць увагу на стэнд з інфармацыяй для пакупнікоў, які маецца ў кожным прадпрыемстве гандлю, і дзе ўказаны нумары тэлефонаў старшыні райспажыўтаварыства і іншых пасадавых асоб: можна адразу патэлефанаваць, паведаміць аб сваёй праблеме і тут жа расставіць усе кропкі над “І”.
(Працяг — у бліжэйшых нумарах газеты).
На “прамой лініі” дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.