9 кастрычніка — Сусветны дзень пошты

Сёння беларуская пошта з’яўляецца часткай сусветнай паштовай супольнасці. Жыхары Беларусі маюць магчымасць абменьвацца паштовымі адпраўленнямі са 191 краінай свету.
Як адзначыла начальнік раённага вузла паштовай сувязі М.В.Падаляк, адным з важнейшых праектаў апошнага часу стала комплексная аўтаматызацыя аддзяленняў паштовай сувязі. Аснашчэнне іх спецыяльнымі камп’ютэрна-касавымі сітэмамі, стварэнне лакальных інфармацыйных сетак, адзінай карпаратыўнай сеткі паштовай сувязі дазволіла ўдасканаліць тэхналагічныя працэсы па збору, апрацоўцы і аўтаматызаванаму кантролю за праходжаннем фінансавай, статыстычнай інфармацыі на ўсіх узроўнях. На здымку: паштальён Святлана Катургіна.

Вобраз паштальёна ў нашай свядомасці традыцыйна атаясамліваецца з вялізнай сумкай, запоўненай свежай прэсай, дасланымі з розных куточкаў свету паштовымі лістамі. Нягледзячы на тэхнічны прагрэс, магчымасці сучаснай тэлефоннай сувязі, Інтэрнета, работа паштальёнаў па-ранейшаму запатрабаваная. У нашым раёне на дастаўцы перыёдыкі, паштовых лістоў, пенсій задзейнічана 60 чалавек, 8 з іх абслугоўваюць райцэнтр.
Паштальён Святлана Катургіна працуе на раённым вузле паштовай сувязі 18 год. У абслугоўваемы ёю ўчастак уваходзяць вуліцы Гагарына, Навасёлаў, Старасельская, Рабцэвіча, Калгасная горада. Як адзначае Святлана Мікалаеўна, найбольшай папулярнасцю ў падпісчыкаў на яе ўчастку карыстаецца “Кіравец”.
Кіраўчанка Аляксандра Іваніцкая — адна са шматлікай арміі адрасатаў паштальёна Катургіной. Жанчына хваліць Святлану за добразычлівасць, слушныя парады, у тым ліку і якую газету выпісаць.
Станоўча ацэньвае работу Святланы Катургіной і кіраўніцтва: да прафесійнага свята яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта”.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.