Бліц-апытанне да Дня маці

Тэмай чарговага бліц-апытання, праведзенага “раёнкай” сярод чытачоў, стала цудоўнае свята, прысвечанае самым дарагім і блізкім жанчынам — мамам. Мы пыталіся ў жыхароў райцэнтра, якія пачуцці іх ахопліваюць у гэтае свята, як яны збіраюцца віншаваць сваіх матуль?
Святлана КАСПЯРОВІЧ, педагог-арганізатар раённага Цэнтра пазашкольнай работы:
— Дзень маці заўжды навявае пяшчотныя, цёплыя пачуцці. Праўду кажуць, што матуля для кожнага з’яўляецца самым блізкім чалавекам, больш роднага на свеце няма. Мая мама Валянціна Іванаўна Булачкіна заўсёды вучыла быць добразычлівымі, з павагай і разуменнем ставіцца да людзей, цаніць у іх такія якасці, як адказнасць, спагадлівасць. Гэтаму ж я вучу і дваіх сваіх сыноў. Старэйшы — Уладзік займаецца ў 7-м класе, а Алег — у 2-м.
Напярэдадні Дня маці жадаю ўсім мамам цярплівасці, сямейнага дабрабыту і каб іх дзеткі былі самымі шчаслівымі!
Сяргей ЛЫБЗІКАЎ, старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі РАУС:
— У кожнага з нас ёсць або была маці. Гэтаму чалавеку заўсёды можна даверыцца, яна ніколі не здрадзіць, даруе любыя ўчынкі, знойдзе словы пад-трымкі ў самых складаных жыццёвых сітуацыях. Быць маці — святое прызначэнне жанчыны, а ганарыцца поспехамі і дасягненнямі сваіх дзяцей — відаць, яе самае запаветнае жаданне. Няхай у гэтае цудоўнае свята і заўсёды нашы мамы будуць шчаслівымі і любімымі, іх мары і жаданні збудуцца.
У свята абавязкова павіншую сваіх матулю Дзіну Мікалаеўну і жонку Таццяну, якая нарадзіла мне дваіх дзетак. Адзначым гэты дзень у сямейным коле, абавязкова падару жонцы букецік кветак.
Аляксей КАРАНЬКОЎ, галоўны спецыяліст райкама ГА “БРСМ:
— Са словам “мама”, думаю, у кожнага чалавека асацыіруюцца самыя цёплыя і чулыя пачуцці. Не ведаю, чаму, але калі ў мяне пытаюцца пра маці, я заўсёды ўспамінаю сваё дзяцінства, калі разам з матуляй праводзілі шмат часу. Нас у мамы трое, але ніхто не быў абдзелены яе увагай. Маці заўсёды ведала, чым нас можна зацікавіць. Мы разам гулялі, разам “вучыліся” у школе — мама дапамагала нам з дамашнім заданнем, вучыла, як правільна ісці па жыцці. Я ведаю, што заўсёды магу звярнуцца да яе за парадай і дапамогай.
Для ўсіх матуль галоўнае, каб у іх дзяцей усё было добра, таму я стараюся ніколі не засмучаць маці. А ў свята па той прычыне, што ў нас у сям’і трое мужчын, усе хатнія клопаты мы возьмем у свае рукі. Зробім так, каб мама адчувала, што ў яе ёсць “плечы”, на якія яна заўсёды можа абаперціся. Ну і, вядома ж, падарым ёй кветкі!
Усім жанчынам-маці жадаю паслухмяных дзяцей. А сваёй — моцнага здароўя. І калі ў яе і з’явяцца маршчынкі, то толькі ад усмешак!
Дзмітрый КОМАР, 18 год, кіраўчанін:
— На мой погляд, Дзень маці можна паставіць у адзін радок з такімі святамі, як Дзень нараджэння альбо Новы год. І гэта будзе правамерна, бо жанчыны-матулі, якія без астатку аддаюць нам, іх дзецям, сваю любоў, мацярынскую пяшчоту, з першых дзён жыцця клапоцяцца аб нас, аберагаюць і шануюць, заслугоўваюць увагі, самых шчырых слоў удзячнасці. Дзякуй вам, дарагія матулі, за тое, што падарылі нам жыццё!
Бліц-апытанне праводзіла Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.