Дом, дзе саграваюцца сэрцы

У вялікім доме па 2-м завулку Калгасным райцэнтра пэўны час таму пасяліліся шчасце і дабрыня — менавіта гэтымі пачуццямі прасякнута атмасфера, якая пануе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Ларысы Дзмітрыеўны Калінкінай: акрамя гаспадыні, яе мужа Леаніда Уладзіміравіча, іх дачкі Насці, сямейны калектыў складаюць восем хлопчыкаў і дзяўчынак.
Гэты будынак для арганізацыі дзіцячага дома сямейнага тыпу ў канцы 2008 года набыў Беларускі дзіцячы фонд. Праводзіўся рамонт, аздабленне памяшканняў усім неабходным, і вось у мінулы аўторак адбылося ўрачыстае адкрыццё дома — як і належыць, з пераразаннем на ўваходзе чырвонай стужкі ганаровымі гасцямі — старшынёй райвыканкама У.У.Піскіжавым і старшынёй камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама М.К.Дудзінскім у прысутнасці іншых запрошаных на сямейнае свята добрых сяброў і памочнікаў вялікай сям’і.

Як усё пачыналася
Ларыса Дзмітрыеўна раней жыла на Чэрыкаўшчыне, выхоўвала сваіх чацвярых дзяцей. Калі старэйшыя падраслі, узнікла думка, што яе мацярынскай пяшчоты хапіла б і на дзетак, якія пазбаўлены цеплыні сямейнага ачага. Так Л.Д.Калінкіна ў 1998 годзе забрала з Дома малюткі маленькую Наташу, якой тады было 2 месяцы 10 дзён, і стала яе апекуном. Зараз гэта абаяльная, прыгожая дзяўчына, яна вучыцца ў гімназіі г.Кіраўска, любіць маляваць і вельмі старанная, акуратная, руплівая.
Затым у сям’і з’явіўся трохгадовы Сярожа, якога жанчына знайшла ў дзіцячым доме. Цяпер ён ужо другакласнік, вельмі рухавы, актыўны, захапляецца спортам.
Пасля пераезду ў Кіраўск і стварэння дома сямейнага тыпу яго насельнікамі сталі яшчэ трое рабят. Родныя крывіначкі — брацікі Дзяніс, Лёша і іх сястрычка Юля — трапілі сюды з Лёўкавіцкага дзіцячага прытулку. У іх непрацяглым жыцці было нямала пакут, а ў шчырай сямейнай атмасферы іх сэрцы “адталі”, і адчуваюць сябе рабяты тут вельмі камфортна. Лёша зараз — навучэнец ліцэя №15, жыве ў ліцэйскім інтэрнаце, але часта наведвае брата і сястру.
Маленькія сябры гаспадыні дома, як яна іх называе, — чатырохгадовыя Карына, Улад і Артур — іх забралі з дзіцячага дома ў Магілёве. Карына ні хвіліны не сядзіць на месцы, такая жывая, рухавая, вельмі любіць, калі хтосьці трымае яе на руках.
Праз шэсць год, як Ларыса Дзмітрыеўна стала другой мамай “першынца” Наташы, жанчына знайшла ў адным з дзіцячых дамоў яе родную сястрычку Яну — і тая з вялікім задавальненнем далучылася да ўсіх астатніх.
Надзейны сямейны ачаг
Дзякуючы дапамозе дзяржавы, зацікаўленых арганізацый і струкутур раёна, проста шчырых людзей, пры актыўным удзеле саміх членаў сям’і ў двухпавярховым доме быў зроблены рамонт, ён газіфікаваны, добраўпарадкавана прыдамавая тэрыторыя, пакоі запоўніліся сучаснай мэбляй, неабходнай бытавой тэхнікай. Месца на ўсіх хапае: і каб заняцца любімымі справамі, і каб пагарэзнічаць…
Як адзначыў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, такая форма сямейнага ўладкавання дзяцей, якіх пакінулі родныя бацькі, — самая прымальная. Безумоўна, быць маці-выхавальнікам у такім дзіцячым доме сямейнага тыпу — вельмі адказная і нялёгкая праца, раённая ўлада гэта разумее, таму па магчымасці стараецца аказваць дапамогу, акрамя гарантаванай дзяржавай падтрымкі. Так, летась была праведзена работа па газіфікацыі жылля, набыты газавы кацёл, і зараз у доме пануюць цеплыня і ўтульнасць, дарослым не трэба клапаціцца аб ацяпленні пакояў, а свой вольны час яны могуць прысвяціць выхаванню дзяцей.
Вельмі ўважліва ставяцца да праблем сям’і аддзел адукацыі райвыканкама, цэнтральная раённая бальніца. Усіх, хто аказвае падтрымку яе вялікай сям’і, Ларыса Дзмітрыеўна шчыра дзякавала. А У.У.Піскіжаў выказаў пажаданне, каб было больш такіх дамоў сямейнага тыпу, дзе б пакінутыя роднымі бацькамі на волю лёсу дзеці знаходзілі сямейную цеплыню, але ў той жа час каб станавілася менш нядбайных бацькоў і абяздоленых дзяцей.
Неаднаразова кіраўнік раённай улады завітваў сюды з падарункамі ад райвыканкама, на гэты раз, як адзначыў, прывёз на машыне цэлы багажнік фруктаў і розных смачнасцей.
М.К.Дудзінскі наведаў гэтую дружную сям’ю ў другі раз і, віншуючы яе з урачыстым адкрыццём іх дзіцячага дома сямейнага тыпу, заўважыў: гледзячы на радасныя твары дзяцей, іх добры настрой, можна сцвярджаць, што рабятам тут добра, камфортна, яны тут шчаслівыя. І, ажыццяўляючы выказаную ўслых мару Дзяніса аб камп’ютэры, як добры чараўнік, загадаў: “Камп’ютэр — у студыю!”: пад дзіцячыя авацыі разумная машына тут жа з’явілася ў гасцінай.
Мы жадаем шчасця вам!
Гасцей у гэты дзень у дзіцячым доме сямейнага тыпу было шмат, і ўсе завіталі сюды з падарункамі — як-ніяк, а ўрачыстае адкрыццё! Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В.В.Маркевіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Н.І.Шапавалава, жанчыны-кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра шчыра жадалі цярплівасці, аптымізму Ларысе Дзмітрыеўне і яе мужу, міру гэтаму дому. Завіталі сюды і дарослыя дзеці гаспадыні, і сябры з Чэрыкаўскага раёна, і прыёмныя бацькі з нашага раёна, і будаўнікі, якія рабілі ў доме рамонт. Айцец Дзмітрый, настаяцель Свята-Пакроўскага храма, асвяціў дом і падарыў кожнаму з дзетак па іконцы. А рабяты з Любоніцкай СШ разам са сваім кіраўніком С.Л.Салановічам падарылі шчырыя, задушэўныя песні пра маму…
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.