Дырэктыва №3 — у дзеянні

Эфектыўнасць работы складваецца з многіх фактараў. Важна ўмець своечасова пралічыць, дзе і на чым можна з’эканоміць, у што ўкласці сродкі, і прыбытак не прымусіць сябе чакаць.
Так, у СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўнафтапрадукт” крыху больш за год таму вырашылі наладзіць уласную перапрацоўку насення рапсу. Разлік быў просты. Штогод ураджай гэтай карыснай адразу ў некалькіх аспектах культуры поўнасцю пастаўляўся на перапрацоўчы завод, з якога потым гаспадарка забірала рапсавую макуху на корм буйной рагатай жывёле. Транспартныя расходы на перавозку сыравіны, макухі, расходы на зарплату вадзіцеляў — усё гэта робіць перапрацоўку рапса на прадпрыемстве для гаспадаркі нявыгаднай. Пераканаўшыся ў гэтым, набылі ўласную ўстаноўку для адціскання рапсавага алею. Агрэгат каштуе дорага, але апраўдвае сябе спаўна. За адну гадзіну адціскаецца 120 кг алею, а за змену выходзіць яго ажно тона. А адзін кілаграм прадукта каштуе зараз 3800 рублёў. Карацей кажучы, у дзень чыгірынцы атрымліваюць больш за адзін мільён чыстага прыбытку. Да таго ж, макуху купляць і прывозіць цяпер няма патрэбы. Рэнтабельнасць вытворчасці складае 40%. І пры гэтым працуе на адцісканні рапсу адзін прасаўшчык — Леанід Жаўлакоў. Чым не ўдалае ўкладанне грошай?..
Цяпер чыгірынцы ўдвая павялічылі пасяўныя плошчы пад рапс: засеялі культурай 130 га. У перспектыве “Чыгірынка” збіраецца аказваць паслугі па адцісканні рапсу іншым сельгаспрадпрыемствам. У прыватнасці, “суседзям” не давялося б ездзіць далёка за макухай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.