Галоўная каштоўнасць і апора нашага краю — людзі

Гэта адзначыў старшыня аблвыканкама П.М.Руднік, адказваючы на пытанне аб адметнасцях Магілёўшчыны падчас чарговай прэс-канферэнцыі з журналістамі рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх і раённых СМІ. На гэты раз іх сабралася значная колькасць — больш 50-ці чалавек.
Кіраўнік вобласці праводзіць падобныя прэс-канферэнцыі штоквартальна і цяпер з задавальненнем адзначыў, што “мосцік, які з дапамогай журналістаў ў пачатку года пачаў будавацца паміж уладай і жыхарамі вобласці, сёння прыкметны і асабліва важны напярэдадні дзвюх важнейшых палітычных падзей: Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу і выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Старшыня аблвыканкама зрабіў дзве заявы. Першая: сёлета, у Год якасці, выканаўчая ўлада надае асаблівую ўвагу павышэнню якасці жыцця насельніцтва. І як вынік праводзімай работы, па стану на 1 кастрычніка, у вобласці засталося толькі дзве арганізацыі, дзе сярэдняя заработная плата не дасягае 200 долараў ЗША ў эквіваленце: гэта сельгасарганізацыі ў Хоцімскім і Дрыбінскім раёнах. Далей неабходна звесці да нуля колькасць арганізацый, дзе зарплата менш 250 долараў (такіх на 1 кастрычніка па вобласці было 57) і імкнуцца да паказчыка ў 300 долараў у эквіваленце, а далей — да 500 долараў.
Другая заява: да 1 снежня ў вобласці не застанецца ніводнай фермы, працуючай па старых тэхналогіях даення кароў, у бліжэйшыя два месяцы з’явяцца 36 новых і рэканструяваных МТФ з даільнымі заламі, аснашчанымі па апошняму слову тэхнікі.
П.М.Руднік прааналізаваў сацыяльна-эканамічнае становішча ў вобласці на бягучы момант. Адзначыў, што эканоміка прайшла адаптацыю да новых умоў гаспадарання, і, галоўнае, захаваны працоўныя калектывы — важная задача, якая стаяла падчас крызісных праяў. Па стану на пачатак кастрычніка скарацілася колькасць стратных арганізацый, іх удзельная вага складае 5,1 %.
Узровень рэгіструемага беспрацоўя — 0,9% пры даведзеным параметры 1,5%. Па вобласці створана 14800 новых рабочых месц. Значна павялічыўся аб’ём уводу жылля.
Адказваючы на пытанне аб знешнеэканамічнай дзейнасці вобласці, старшыня аблвыканкама адзначыў шляхі вырашэння праблемы адмоўнага сальда: гэта новыя тэхналогіі, імпартазамяшчэнне, пераход да буйнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасці, пошук новых рынкаў збыту.
Гаворачы аб жыцці сяла, П.М.Руднік заўважыў, што неабходна імкнуцца да дасягнення самадастатковасці і самафінансавання сельгасарганізацый. Сёлета ўводзіцца ў строй 15 аграгарадкоў да 188 дзеючых, завяршаецца рэалізацыя Праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Але, у той жа час, падкрэсліў кіраўнік вобласці, жыццё ў вёсках, так званых спадарожніках аграгарадкоў, не павінна затухаць: у планах — развіццё рамёстваў, пчалярства, авечкагадоўлі, вырошчванне рыбы, а таксама аграэкатурызм.
Старшыня аблвыканкама заўважыў, што бюджэт вобласці на 2011 год захавае сваю сацыяльную скіраванасць.
Журналісты папрасілі П.М.Рудніка ацаніць вынікі трох этапаў маніторынгу работы са зваротамі грамадзян. Кіраўнік вобласці адзначыў, што мясцовая ўлада дэталёва разгледзела ўсе выказаныя заўвагі. Шэрагу адказных работнікаў аб’яўлены вымовы.
Паколькі прэс-канферэнцыя ў запісу трансліравалася па тэлебачанні, старшыня аблвыканкама заклікаў жыхароў вобласці прыняць актыўны ўдзел у прадстаячых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо ад голасу кожнага выбаршчыка залежыць будучыня краіны.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.