Канцэрт легендарнай групы «Каскад»

“Гарачы пясок на пагонах —
юнацтва неспакойнае маё!”
Гэтыя песенныя радкі можна было б паставіць тэмай канцэрта легендарнай групы “Каскад”, які гледачам пашчасціла паглядзець у раённым Доме культуры ў рамках акцыі “Мы — за мір на ўсёй зямлі!”
На здымку: сённяшні састаў групы «Каскад».

Легендарнай гэтую групу можна называць без усялякага перабольшвання. Яна была створана ў 1983 годзе з таленавітых хлопцаў, ваяваўшых на спякотнай зямлі Афганістана, дзякуючы намаганням тады яшчэ капітана па званні Юрыя Стральцова, і разам з вядомай групай “Блакітныя берэты” ў сваіх незвычайна душэўных, праўдзівых і пранізлівых песнях яны распавядалі ўсім пра горкі пыл ваенных дарог, моцную дружбу рабят, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афгане, і аб тым, як ім хацелася дамоў, як іх чакалі маці і дзяўчаты… І далей — песня, якая нікога не пакідае раўнадушным, — “Мы уходим с Востока!”: «Прощайте, горы, вам видней, кем были мы в краю далеком, пускай не судит однобоко нас кабинетный грамотей!” І ўсё гэта напісаў, выпакутваў праз сэрца і душу ўдзельнік тых падзей Юрый Стральцоў, выпускнік Навасібірскага вышэйшага ваеннага вучылішча. Мяняўся састаў “Каскада”, а ён — нязменны яго кіраўнік і аўтар песень. Сёння Юрый Стральцоў — палкоўнік, а група “прапісана” ў Магілёве, у Палацы культуры вобласці, і гэта ганарова, паколькі калектыў — неаднаразовы лаўрэат многіх салдацкіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку і вядомага тэлевізійнага “Вікторыя”, аб’ехаў з канцэртамі многія куткі былога Саюза і проста жаданы і любімы многімі яго паклоннікамі.
У Кіраўску ўдзельнікі “Каскада” не толькі спявалі: старыя, вядомыя многім песні, новыя, а некаторыя — прэм’ерныя, дарэчы, напісаныя і іншымі “каскадаўцамі”, але і распавядалі гледачам, а ў зале былі нашы мясцовыя ветэраны-інтэрнацыяналісты, моладзь, больш сталыя жыхары горада — аб тым, як маладымі, неабстралянымі пацанамі трапілі ў Афган і там сталі сапраўднымі мужчынамі. А песні “Я вярнуся” папярэднічалі высокія словы пра Жанчыну — маці, каханую, сястру, дачку — яны чакалі салдат з чужой, далёкай зямлі, і дзеля гэтага, як адзначыў Юрый Стральцоў, трэба было жыць…
Прысутныя разам з калектывам групы ўшанавалі мінутай маўчання памяць загінуўшых у Афганістане нашых воінаў. А Юрый Стральцоў адзначыў, што нідзе ў постсавецкай прасторы няма такіх беражлівых, удзячных адносін да ўсяго, што ўвасабляе памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, падзеях у Афганістане: помнікаў, абеліскаў, магіл, пахаванняў, і гэта добра — пакуль жывая наша памяць, мы здольныя супрацьстаяць замахам на мір.
Кіраўскія дзяўчаты падносілі адважным, прыгожым мужчынам на сцэне кветкі. Букет ад імя воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна падарыў Юрый Сафронаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Пасля канцэрта кіраўчане — былыя ўдзельнікі афганскай і іншых лакальных войнаў доўга размаўлялі з “каскадаўцамі”, сярод якіх і ўраджэнец Клічаўшчыны Сяргей Цэд, дзяліліся ўспамінамі аб перажытым.
Прыемна ўразіла гасцей тое, што ў аднаго з гледачоў аказалася вінілавая пласцінка з лепшымі запісамі песень “Каскада”: яны з задавальненнем пакінулі на ёй свае аўтографы.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Аляксандра ХАХЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.