Лекавыя сродкі — пад патрэбу і ў шырокім асартыменце

Здаецца, ні ў які іншы сезон года, як восенню, запатрабаванымі становяцца паслугі аптэк: пераход ад летняй спёкі да зімовых халадоў, сырасць, скразнякі адмоўна адбіваюцца на нашым самаадчуванні, ствараюць спрыяльнае асяроддзе для ўзнікнення і развіцця прастудных, вострых рэспіраторных захворванняў, грыпу.
Аб тым, наколькі гатова аптэчная сетка раёна да забеспячэння ўсё больш узрастаючага попыту насельніцтва на супрацьпрастудныя і іншыя лекавыя сродкі, наша размова з загадчыцай Кіраўскай цэнтральнай раённай аптэкі №82 Магілёўскага РУП “Фармацыя” З.В.ЦМЫГ:

— Зоя Валянцінаўна, што сабой уяўляе аптэчная сетка раёна і якімі аб’ектамі прадстаўлена?
— Гэта, па-першае, цэнтральная аптэка, якая пасля праведзенай сёлета рэканструкцыі, прыняла сваіх наведвальнікаў у новым, больш сучасным і зручным як для насельніцтва, так і для нашых супрацоўнікаў абліччы. Па-другое, аптэкі 3-й катэгорыі ёсць у аграгарадках Мышкавічы і Любонічы. Набываць лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначання можна таксама на ФАПах. Аптэкі 4-й катэгорыі працуюць пры сельскай урачэбнай амбулаторыі ў а/г Жылічы, а таксама ў райбальніцы, прычым у апошняй — па вельмі зручным рэжыме: штодзённа з панядзелка па чацвер з 7.30 да 20.00, па пятніцах і суботах — 3 7.30 да 15.50 з выхадным у нядзелю. У цэлым, колькасць аптэчных устаноў у нашым раёне пераўзыходзіць параметры дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Аднак сельскае насельніцтва ўсё ж у большай ступені забяспечваецца лекавымі сродкамі праз ФАПы. А наколькі адпавядае прадстаўлены там асартымент патрэбам людзей?
— Парадак рознічнай рэалізацыі лекавых сродкаў медыцынскімі работнікамі ФАПаў у населеных пунктах, дзе няма аптэк, вызначаны Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2009 года №123. Устаноўлены і асартыментны пералік. У ім, згодна сумеснага рашэння Магілёўскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя і РУП “Фармацыя”, улічаны ўсе фармакала-гічныя групы лекавых сродкаў. З работнікамі 18-ці ФАПаў мы заключылі працоўныя дагаворы, згодна якіх яны атрымліваюць узнагароджанне ў памеры ад 7 да 10 працэнтаў ад сумы рэалізацыі лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння.
Пэўнай праблемай з’яўляецца неабходнасць самім работнікам ФАПаў атрымліваць у аптэцы тавар і дастаўляць яго на месца. Але падобнае абумоўлена дагаворам. Заяўкі на тавар паступаюць па меры неабходнасці, здараецца, што прыязджаюць медработнікі з ФАПаў папаўняць асартымент лекавых сродкаў да 4 разоў у месяц.
Сярод вясковых жыхароў, як вядома, перавалодваюць людзі пажылыя, нямоглыя, якім самім складана дабрацца да райцэнтра, каб набыць неабходныя ім лекі. І тут на дапамогу прыходзяць работнікі ФАПаў: яны прывозяць лекі пад заказ, дастаўляюць таксама лякарствы льготнікам.
— А лекавыя сродкі якой вытворчасці — айчыннай ці замежнай найбольш запатрабаваныя нашым насель-ніцтвам?
— У аптэчнай сетцы раёна ў шырокім асартыменце прадстаўлены як адны, так і другія. Хачу адзначыць, што наша айчынная фармакалагічная прамысловасць істотна расшырылася за апошнія гады, значна палепшылася і якасць выпускаемай прадукцыі. Людзі гэта добра ведаюць. Прываблівае і больш танны кошт, да таго ж, эфект ад прымянення беларускіх лекавых сродкаў не горшы, чым пры выкарыстанні замежных аналагаў. Зараз мы атрымліваем лекавыя сродкі не толькі з Барысаўскага завода медпрэпаратаў, а таксама з Лагойскага і Мінскага заводаў медпрэпаратаў, “Мінскінтэркапс” і інш.
Асартымент прадстаўленых на паліцах аптэкі тавараў папаўняецца штотыднёва: лекавыя сродкі і вырабы медыцынскага прызначэння атрымліваем з Магілёўскага аптэчнага склада.
— Улічваючы пагодны фактар, набліжэнне сур’ёзных халадоў, пракаменціруйце, калі ласка, наколькі нашы аптэкі забяспечаны сродкамі для процістаяння інфіцыраванню і лячэння грыпу?
— Улічваючы вопыт мінулага “грыпознага” сезону, загадзя назапасілі значную колькасць аксалінавай мазі, масак медыцынскіх, ватна-марлевых павязак. У шырокім асартыменце прадстаўлены прэпараты антывіруснай групы, напрыклад, дзіцячы і дарослы арпетол, анаферон, рэмантадын і інш. Ёсць таміфлю — лякарственны прэпарат, прызначаны для барацьбы са “свіным” грыпам.
Прадстаўлены на аптэчных паліцах увесь спектр лекавых сродкаў, закліканых зняць сімптомы прастудных захворванняў: ад даступнага па цане нафазаліна да больш дарагога па цане вібрацыла. Для лячэння горла прапаноўваем інгаліпт, каметон, інтэрферон і віферон, а таксама ларынал на расліннай сыравіне.
Добра зарэкамендавалі сябе і карыстаюцца попытам у насельніцтва рынзасіп, тэрафлю, рынза, антыгрынпін, негрынпін, фервекс, колдрэкс і іншыя прэпараты, якія прымаюцца ў выглядзе цёплых раствораў і таксама ёсць у аптэцы ў самым шырокім асартыменце і колькасці.
— Зоя Валянцінаўна, растлумачце нашым чытачам прычыны таго, што і ў новай аптэцы здараюцца чэргі і тое, якім чынам вырашаецца гэтая праблема?
— У нас прадугледжаны і працуюць дзве касы па водпуску лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння. Таму асаблівых чэргаў звычайна на працягу дня не назіраецца. Пэўныя праблемы ўзнікаюць у так званы “час пік”: прыкладна з 10 гадзін раніцы да 14 гадзін дня, калі адзначаецца найбольшы наплыў наведвальнікаў. Аднак гэта, відаць, менталітэт у кіраўчан такі, бо рэжым работы аптэкі дазваляе набыць неабходныя лякарствы з 7.30 да 20 гадзін штодзённа. Працуем без выхадных, толькі ў суботу і нядзелю — па скарочаным графіку. Зараз жа, у сувязі з магчымым ускладненнем сітуацыі па прастудных захворваннях, прынята рашэнне падоўжыць час работы аптэкі па суботах да 19 гадзін, а ў нядзелю — да 18.00.
З-за таго, што ў аптэцы з паложаных па штаце 9 работнікаў працуе толькі 5, і заняты яны па двое ў дзве змены, то надараюцца такія дні, калі ў другую змену працуе адна каса. Аднак, на маю думку, рэальная прычына таго, што іншы раз людзям даводзіцца пастаяць у чарзе, у іншым. Аптэчны тавар — не штучны: назваў цану, узяў грошы, прабіў чэк і аддаў чалавеку пакупку. Згодна службовых абавязкаў рэцэптар павінен пацікавіцца ў грамадзяніна, якое лякарства — для дарослага ці дзіцяці яму патрэбна, у якой дазіроўцы, прапанаваць на выбар прэпараты айчыннай ці замежнай вытворчасці, у выпадку, калі няма патрэбнага дадзенаму чалавеку лякарства, парэкамендаваць яго аналаг. Усё гэта займае пэўны час, нават калі адказы на пытанні работніка аптэкі даюцца хутка і дакладна. Часта ж людзі, асабліва пажылыя, блытаюцца ў назвах патрэбных ім лякарстваў, просяць параіць “што-небудзь паэфектыўней”, напісаць на ўпакоўцы дозу і перыядычнасць прыёму таблетак і г.д. І кожнага рэцэптар павінен уважліва выслухаць, ветліва абслужыць, бо, як вядома, лечыць не толькі лякарства, і сапсаваны настрой у справе выздараўлення — не памочнік. І пакуль абслугоўваецца такі “праблемны” пакупнік, некалькі чалавек чакаюць у чарзе.
Яшчэ больш часу, чым звычайна, патрабуе водпуск лекавых сродкаў па льготных рэцептах, калі трэба запоўніць картку льготніка, даць распісацца ў ёй пацыенту. Рэцэпты на бясплатны льготны водпуск лекавых сродкаў захоўваюцца на працягу 5 год, як дакументы, пацвярджаючыя мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, таму рэцэптар праводзіць іх праверку на сапраўднасць. Калі прадугледжана 10-працэнтная льгота, то даводзіцца рабіць разлікі сумы даплаты, якую павінен унесці чалавек, такія ж дадатковыя разлікі патрабуе і водпуск лякарстваў не цэлай упакоўкай, а “па лісціку”.
У аддзеле “Оптыка” прадстаўлены акуляры, выбар і пакупка якіх — справа не адной мінуты. Існуюць і іншыя нюансы. А паколькі кожны наведвальнік аптэкі ў роўнай ступені мае права на ўвагу і ветлівае абслугоўванне, вось і атрымліваецца замінка каля кас.
— Якім чынам вырашаеце кадравае пытанне?
— Пастаянна праводзім прафарыентацыйную работу, штогод даём заяўку на маладых спецыялістаў: работа ў аптэцы патрабуе спецыяльнай фармакалагічнай адукацыі, адных назваў лекавых сродкаў у нас налічваецца каля 3 тысяч, яшчэ 400 — тавараў аптэчнага асартыменту. І ва ўсім трэба дасканала разбірацца, ведаць, што параіць, кіруючыся галоўным прынцыпам медыкаў: “ Не нашкодзь!”
Крыўдна, што моладзь, якая вучыцца на фармаколагаў, стаўшы спецыялістамі, не затрымліваецца ў раёне. Але ж будзем працаваць над вырашэннем кадравай праблемы.
Гутарыла
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.